Працы руплівай — слава!


У мінулую пятніцу ў абласным цэнтры ў Канцэртнай зале «Віцебск» прайшло вялікае святочнае мерапрыемства з нагоды 80-годдзя Віцебскай вобласці і цырымоніі ўшанавання лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны» за 2017 год. Ва ўрачыстым сходзе ўдзел прынялі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанка, старшыня камітэта дзяржкантролю Л. В. Анфімаў, старшыня праўлення Нацбанка П. У. Калаўр, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. М. Косінец, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці А. М. Субоцін, старшыня аблсавета дэпутатаў У. У. Цярэнцьеў, прадстаўнікі міністэрстваў, дэпутацкага корпусу, з другіх рэгіёнаў краіны, шэрагу абласцей Расійскай Федэрацыі.
Уладзімір Андрэйчанка ўручыў Падзяку Прэзідэнта краіны працаўнікам Віцебскай вобласці — яе прыняў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў — такая высокая ацэнка значнага ўладу прыдзвінскага краю ў развіццё беларускай дзяржаўнасці, а таксама ў сувязі з 80-годдзем вобласці. Ну а мільён рублёў з рэзервовага фонду Прэзідэнта на рэканструкцыю абласнога клінічнага анкадыспансера — у падарунак да юбілею.


Мікалаю Шарснёву Уладзімір Андрэйчанка ўручыў і Ганаровую грамату Нацыльнага сходу Рэспублікі Беларусь — яшчэ адну ўзнагароду Віцебскай вобласці.
Гісторыя вобласці не толькі апошнія восем дзесяцігоддзяў, гэта багатая панарама падзей мінулых стагоддзяў, адзначыў у сваім выступленні старшыня аблвыканкама. Юбілей якраз і ёсць добрай падставай азірнуцца назад, убачыць, чым рэгіён жыў учора і што зрабіць трэба, каб заўтра жылося лепей. М. М. Шарснёў асабліва падзякаваў папярэднім кіраўнікам вобласці У. П. Кулакову, У. П. Андрэйчанку, А. М. Косінцу і ўручыў ім ганаровыя дыпломы і знакі аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў.
Жыхары вобласці заўсёды годна працавалі і абаранялі Айчыну, падкрэсліў М. М. Шарснёў. Наша зямля ўзрасціла 312 Герояў Савецкага Саюза, Герояў Сацыялістычнай працы, Герояў Беларусі, Герояў Расійскай Федэрацыі і поўных кавалераў ордэнаў Славы і Працоўнай Славы.
Сёння трэць электраэнергіі, што выпрацоўваецца ў краіне, сто працэнтаў даламітавай мукі, 90 працэнтаў льняных тканін, дываноў і дывановых вырабаў, 50 працэнтаў абутку — гэта ўсё плён руплівай працы жыхароў Прыдзвіння. Віцебшчына экспартуе свае тавары ў 90 краін свету. Павялічваюцца аб’ёмы вытворчасці сельгаспрадукцыі, адкрываюцца новыя прадпрыемствы і вытворчасці (у мінулым годзе каля 300, дзе на новыя рабочыя месцы працаўладкаваны амаль шэсць тысяч чалавек). Развіваецца сацыяльная сфера, вядзецца добраўпарадкаванне населеных пунктаў.
Знамянальна, што падчас святкавання 80-годдзя Віцебскай вобласці праходзіла цырымонія ўшанавання лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны» за 2017 год. Усе, хто паднімаліся на сцэну — прафесіяналы ў сваёй справе, яны — залаты фонд краю, падкрэсліў М. М. Шарснёў, уручаючы ўзнагароды лепшым з лепшых. Задача надалей — агульнымі намаганнямі забяспечыць станоўчыя тэндэнцыі развіцця Прыдзвіння.
Заключным акордам урачыстасцяў стаў вялікі святочны канцэрт у выкананні лепшых мастацкіх калектываў вобласці. Сярод тых, хто ствараў атмасферу свята, і прадстаўнікі Чашніччыны — ансамбль барабаншчыц Чашніцкай ДШМ. Некалькі незабыўных хвілін падаравала прысутным выступленне салісткі вакальнай студыі «ДоМіСолька» Чашніцкага РЦДіМ (кіраўнік Ю. А. Зінкевіч) Крысціны Камінскай.

Міхаіл ДЗЕРАВЯГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *