Далучыліся да традыцый

У першы дзень Светлага Велікоднага тыдня ў выставачнай зале Чашніцкага гістарычнага музея адбылася сапраўдная Велікодная казка з чароўнымі героямі, гульнямі, падарункамі, песнямі і вершамі.

На мерапрыемства, арганізаванае супрацоўнікамі музея і гарадскога Дома культуры, былі запрошаны пратаіерэй У. Каляда, дырэктар нядзельнай школы Т. А. Плаўнік, вучні першай і чацвёртай школ.

Айцец Уладзімір звярнуўся да прысутных са словамі віншавання з нагоды самага паважанага свята ў праваслаўных хрысціян, пажадаў усяго найлепшага, а Таццяна Анатольеўна правяла цікавую гульню-віктарыну на лепшага знаўцу хрысціянскіх звычаяў і падзей. За актыўнасць і правільныя адказы дзеці атрымалі прызы.


Затым разгортваліся падзеі на сцэне. Маленькія артысты знаёмілі гледачоў з традыцыямі святкавання праваслаўнымі Вербнай нядзелі і Вялікадня, расказвалі аб розных звычаях, гульнях. Вельмі цікавай была пастаноўка «Пасхальный заяц» у выкананні ўдзельнікаў дзіцячага драматычнага калектыву «Фантазёр» гарадскога Дома культуры (мастацкі кіраўнік Н. М. Крысенак), а таксама абрад «Вялікдзень» дзіцячага фальклорнага калектыву «Вербачка» (кіраўнік Н. М. Крысенак).
Быў арганізаваны конкурс на самае арыгінальнае велікоднае яйка. Аўтары самых адметных і прыгожых атрымалі падарункі.
Таксама ў правядзенні свята прымалі ўдзел дзяўчынкі групы сольных спеваў «Стыль» гарадскога Дома культуры пад кіраўніцтвам Ю. А. Калітнік. Іх мастацкія нумары, як і выдатная акцерская ігра самадзейных артыстаў, задаволілі ўсіх прысутных.
Свята сапраўды атрымалася.

Наталля ШЫРКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *