Слаўлю матчын край, Радзіму Беларусь!

Такую назву мела патрыятычна-літаратурная праграма, арганізаваная супрацоўнікамі цэнтральнай раённай бібліятэкі для наведвальнікаў школьных працоўных лагераў.

Мерапрыемства было пабудавана з некалькіх тэматычных раздзелаў, якія ахапілі гістарычнае мінулае нашай краіны і сучаснасць. Напрыклад, у раздзеле «Навекі ў памяці народнай» хлопчыкам і дзяўчынкам былі прадстаўлены факты з гісторыі Беларусі, часоў ваеннага ліхалецця.

Шануйце родны край — Айчыну,

Тых, хто яе абараняў,

Хто ў бітвах з ворагам загінуў,

Хто перамогу атрымаў.

Даведалiся яны i пра новыя факты аб добра вядомых i знакамiтых мясцiнах – Браслаўскiх азёрах, Нарачы, возеры Свiцязь.  «Калi  б азёры маглi гаварыць, то мы б пачулi шмат цiкавых таямнiчых легенд і загадкавых паданняў. На жаль, яны не размаўляюць. Але кожнае  з іх мае сваю непаўторную энергетыку, сваю аўру. Яна —  у мелодыях хваляў, у шэпце чаротаў i трыснягоў, у плёскаце рыбы, галасах жывёл, птушак, дрэў. Варта толькi паехаць да возера —  чуламу сэрцу заўсёды адкрыюцца таямнiцы дзiвосных беларускiх скарбаў…»

Цiкавай i пазнавальнай была iнфармацыя пра вялiкае верхавое балота Ельня (адно з найбуйнейшых у Еўропе) і гай чорных бяроз, што ў Івацэвiцкім раёне.

Чым багатая наша краiна, акрамя карысных выкапняў і непаўторнай прыроды? Канечне, галоўнае багацце — гэта людзi. Менавіта яны праслаўляюць нашу Бацькаўшчыну на працягу многiх стагоддзяў. Гэта першадрукар Ф. Скарына, асветнiкi Е. Полацкая, С. Полацкi, К. Тураўскi, кампазiтар М. К. Агiнскi, лiтаратары Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановiч, мастак М. Шагал i iншыя. Славiцца зямля беларуская і старажытнымi замкамi, палацамi, царквамi. Аб гiсторыi паходжання Мiрскага, Нясвiжскага замкаў таксама распавядалi прысутным.

Цiкавасць выклiкаў i расказ пра краязнаўчы праект «Сем цудаў Беларусi», арганізаваны рэспублiканскiмi сродкамi масавай iнфармацыi.

А якая ж Беларусь сучасная? Чым мы сёння ганарымся i што робiм для росквiту сваёй краiны? На гэтыя і іншыя пытаннi адказвала моладзь. Менавіта ёй мацаваць i праслаўляць нашу дзяржаву.

…Твая зямля, твая Радзiма,

Названа светла: Беларусь.

Гэтыя словы павiнны памятаць усе, хто жыве на зямлi беларускай, таму што прыгажэй і лепш за яе не знойдзеш у свеце.

Наталiя ШЫРКО.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *