Песня жыть дапамагае

Па традыцыі напярэдадні Дня інвалідаў самадзейныя артысты Кругліцкага СДК наведалі вяскоўцаў, якія, так склалася, маюць даволі сур’ёзныя праблемы са здароўем. Людзі гэтыя патрабуюць увагі. Самае галоўнае для іх — душэўная цеплыня.

Cамадзейныя артысты ў гасцях у вяскоўцаў.

«Ад сэрца да сэрца» — так называлася невялічкая канцэртная праграма, якую падрыхтавалі культработнікі. Заходзілі ў хаты, жадалі гаспадарам усяго найлепшага. І, вядома ж, спявалі песні. Удзельнікі народнага фальклорнага калектыву «Кругліца», салісты сельскага Дома культуры рабілі ўсё магчымае, каб падняць настрой вяскоўцам. Кажуць жа, што добрая песня жыць дапамагае. Вось і імкнуліся артысты годна зрабіць сваю справу, каб на тварах тых, да каго яны завіталі ў госці, з’явіліся ўсмешкі.
І людзі ўсміхаліся. Пелі разам з артыстамі. А потым шчыра дзякавалі ім за тое, што не забываюць. Культработнікі ж на развітанне казалі так: «Хай заўсёды раніца ў вас будзе добрай, дзень — радасным, вечар — прыемным, а ноч — спакойнай».

Юрый АЛЕКСАНДРОВІЧ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *