Дыплом Вікторыі

Надоўга запомніцца вучаніцы Лукомльскай дзіцячага сада-пачатковай школы паездка ў сталіцу краіны. Сапраўдны пераднавагодні сюрпрыз чакаў чацвёртакласніцу Вікторыю Кручок.

Вікторыя Кручок пасля цырымоніі ўзнагароджання аўтараў лепшых работ адкрытага праекта «Віртуальная фотазамалёўка «Мая родная вуліца».

А пачалося ўсё з прапановы ўдзельнічаць у адкрытым праекце «Віртуальная фотазамалёўка «Мая родная вуліца», што праводзіўся ў рамках Года малой радзімы і быў накіраваны на стварэнне ўмоў для захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны розных рэгіёнаў Беларусі.
Праект праводзіўся з красавіка. Удзельнікам неабходна было падрыхтаваць творчую работу — фотазамалёўку (серыю фотаздымкаў), якая б у адвольнай мастацкай форме распавядала пра родную вуліцу, была выканана ў інфармацыйна-пазнавальным або лірычным жанры. Акрамя гэтага, да кожнага здымка неабходна было напісаць невялікія тэкставыя каментарыі. Больш 200 работ прадставілі для ўдзелу школьнікі з розных куткоў Беларусі.
Напярэдадні святкавання Новаго года і Каляд былі падведзены вынікі праекта. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання аўтараў лепшых работ адбылася ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Да нашага гонару сярод іх і наша зямлячка з Лукомля.
Вікторыя Кручок спецыяльна для праекта падрыхтавала «Лукомльскую вандроўку». Дзяўчынка прапанавала віртуальную экскурсію па вуліцы Горкага, што ў вёсцы Лукомль. Невялікае эсэ і фотоздымкі нашай зямлячкі былі адзначаны ў ліку лепшых работ.
Радасць і хваляванне адчулі дзяўчынка і яе кіраўнік Н. М. Кулагіна, калі прыйшло запрашэнне на цырымонію ўзнагароджання. А потым — цікавая і напоўненая яркімі ўражаннямі паездка. Асабліва спадабаўся навагодні Мінск, які вабіць рознакаляровымі фарбамі і выглядае святочна.
Сама цырымонія прайшла запамінальна. А яшчэ вельмі ўразіла выстава, якую наведалі ўдельнікі ўрачыстага мерапрыемства.
***
Вікторыя Кручок:
— Я вельмі люблю сваю вёску. Для мяне яна самая прыгожая, кожнае дрэўца, кветка, дом знаёмыя. Мне хацелася, каб пра маю малую радзіму даведаліся і іншыя.

Наталля СТУКАЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *