Паклон калодзежнай вадзе

Яшчэ ўчора яны выступалі на фестывалі, а ўжо сёння збіраюцца ў чарговую вёсачку, каб парадаваць землякоў. Для артыстаў аўтаклуба не існуе дрэннага надвор’я. У гастрольным графіку ансамбля «Верасень» значылася выступленне і ў Слідчанах. Тут разам з загадчыцай Антапольеўскага сельскага клуба  Галінай Пашкевіч правялі свята калодзежа.  

Вада ў студні на падворку А. П. Труханоўскай  найсмачнейшая ў Слідчанах.

Галоўны аб’ект урачы-стасці – студню на падворку Аляксандры Пятроўны Труханоў-скай – упрыгожылі рушнікамі, кветкамі. Побач размясцілі выставу Чашніцкага Дома рамёстваў. Месца было выбрана не выпадкова. Вельмі ж смачная вада ў калодзежы Аляксандры Пятроўны! Мясцовыя жыхары адзначылі, што з задавальненнем пьюць гэтую ваду, гатуюць стравы. Дарэчы, ежа і кансервацыя атрымоўваюцца значна смачнейшымі.
Гаспадыня, да якой завіталі госці з райцэнтра, была такой сустрэчы рада. Перш-наперш усіх напаіла гаючай вадой. Ансамблеўцы аддзячылі жанчыне песнямі. А затым папрасілі расказаць пра тое, як на месцы крынічкі з’явілася студня.
Аляксандра Труханоўская нарадзілася і вырасла ў Слідчанах. Ударна працавала ў мясцовым саўгасе. Жанчына адзначыла, што калодзеж выкапаў яе бацька. Увогуле, студні ўжо амаль 50 гадоў. А вада ў ёй па-ранейшаму чыстая як сляза.
Трэба адначыць, што «вераснёўцы» не толькі спявалі. Шмат цікавага расказалі пра народныя абрады і звычаі, звязаныя з вясковымі калодзежамі. Народныя песні і сучасныя кампазіцыі, урачыстыя вершы, добрыя словы ў адрас простых вясковых працаўнікоў не пакінулі абыякавымі гледачоў. Многія з іх не змаглі стрымаць слёз.
Напрыканцы свята артысты падаравалі Аляксандры Пятроўне вядзерка і пажадалі, каб яно было заўжды поўным, а жыццё – шчаслівым. А. П. Труханоўская і яе суседзі шчыра дзякавалі калектыву аўтаклуба за хвіліны радасці. Асабліва за тое, што знайшлі час і прыехалі ў вёску, дзе сёння жыве ўсяго 7 чалавек. А для пажылых людзей павага – найлепшы падарунак.

Варвара ЮРКЕВІЧ.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *