З любоўю да Беларусі: настаўніку роднай мовы прысвячаецца

Дзень настаўніка  намеснік  дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы №2 горада энергетыкаў  Аксана Гарбунова сустракае з асаблівым настроем. За некалькі дзён да прафесійнага свята новалукамчанка адзначыла юбілей. Аксана Уладзіміраўна  большую частку жыцця  прысвяціла прафесіі педагога: 28 гадоў працуе ў  вышэйназванай установе. Добра памятае, як упершыню прыйшла сюды жнівеньскай раніцай і пазнаёмілася са сваім  будучым кіраўніком  Антонам Іосіфавічам Шпілеўскім.

– Ён прыветліва паглядзеў на мяне, а потым запытаў: «Ну што, беларусачка, па-беларуску добра размаўляеш?». Я адказала на роднай мове, што гэту дысцыпліну ведаю добра. Антон Іосіфавіч усміхнуўся і мовіў: «Ну, тады і будзеш выкладаць беларускую», – успамінае Аксана Уладзіміраўна.
З таго часу шанаваць родную мову настаўніца навучыла многіх дзяўчат і хлопцаў. Усёй душой любіць Беларусь, і гэтым шчыра дзеліцца з кожным сваім вучнем.
– Я родам з Антаполля. Тое, што вырасла ў весцы, паспрыяла выбару будучай прафесіі: сельскія людзі больш размаўляюць паміж сабой па-беларуску. Паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, на філалагічны факультэт, які даволі паспяхова скончыла, – расказвае педагог.
Класным кіраўніком адзінаццатых класаў за дваццаць восем гадоў педагагічнай дзейнасці Аксана Гарбунова была двойчы. Яна з хваляваннем успамінае той час і ганарыцца, што нумар яе тэлефона і сёння ёсць у многіх выпускнікоў. Яны тэлефануюць, прыязджаюць на вечары сустрэч, расказваюць пра поспехі, раяцца з любімай настаўніцай.
Ды і сенняшнія вучні не менш паважаюць Аксану Уладзіміраўну за шчырасць. Педагог імкнецца знайсці падыход да кожнага, даволі цікава выкладае прадметы.

Трэба адзначыць, што А.У. Гарбунова падрыхтавала ўдзельнікаў алімпіяд. Напрыклад, у мінулым годзе поспехамі настаўніцу беларускай мовы і літаратуры парадавалі Вікторыя Пінчук і Вікторыя Хрокалава. Дзяўчаты на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды занялі першыя месцы. Анастасія Кашко ўдзельнічала ў другім этапе малой раённай алімпіяды і таксама стала першай.
Юбілейны дзень нараджэння настаўніца адзначыла разам з самымі блізкімі. І, канечне, яе віншавалі вучні, якім яна прывіла павагу да роднай мовы, навучыла шанаваць спадчыну.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *