Зоя Максімовіч — жыццёвая мудрасць

З кім размаўляць пра жыццё, узлёты і падзенні, як не з такім чалавекам, як Зоя Сяргееўна Максімовіч? Жыхарка вёскі Стараселле з ахвотай падзялілася гісторыяй свайго жыцця.
Пасля нараджэння маленькая Зоя амаль адразу апынулася ў Германіі, правесці дзяцінства ў роднай вёсцы Будзішча не давялося. Вялікая Айчынная наклала свой след. Выбухі, кіламетры, пройдзеныя пешшу, вяртанне дадому (бацькоўская хата была спалена). Доўгія і халодныя дні жыцця ў зямлянцы, калі пра нармальную ежу і цяпло даводзілася толькі марыць. Выжыла!

Жыхарка в.Стараселле Зоя Сяргееўна Максімовіч.

— Скончыўшы 10 класаў, у 18 гадоў я пайшла працаваць у краму прадаўцом. Не скажу, што было проста. Даводзілася хадзіць у суседнія вёскі, — дзеліцца Зоя Сяргееўна. — Пазнаёмілася з будучым мужам Леанідам Фёдаравічам, і неўзабаве мы пажаніліся. А праз год, 8 снежня, з’явіўся першынец (і нараджала я дома), а ўжо 9-га мой муж адправіўся на службу ў армію. Сказаць, што мы абое былі бясконца шчаслівыя з’яўленню дзіцяці — нічога не сказаць. І як потым было горка расставацца, як плакаў муж, трымаючы на руках маленькага сыночка!..
Тры гады Леанід штодня пісаў лісты Зоі і сыну з Латвіі і Эстоніі, дзе праходзіў службу. Сувязь шчаслівых мужа і жонкі не перапынялася ні ў выхадныя, ні ў святы. Пакуль свякроў прыглядала за Леанідам (першынца назвалі імем бацькі), Зоя Сяргееўна выйшла на працу. Шмат нягод лягло на кволыя жаночыя плечы, але яна з годнасцю іх вытрымала і дачакалася мужа.
— Пасля вяртання майго Лёньчыка з арміі, у 1965 годзе ў нас нарадзіўся сын Аляксандр. Пачалі будаваць хату ў Стараселлі. І закружыла нас жыццё ў віры сямейных і працоўных спраў, — распавядае Зоя Сяргееўна. — У 1969-м з’явіўся на свет Васіль, а праз тры гады — доўгачаканая дачушка Вера.
У 1977 годзе з нараджэннем Юрыя сям’я Максімовіч яшчэ пабольшала і ператварылася ў сем Я. Чатыры сыночкі ды дачка сталі сэнсам жыцця. Зоя і Леанід выгадавалі і выхавалі дастойных людзей. Сыны ў мінулым — лётчык, памежнік, дэсантнік. На вачах жанчыны праступаюць слёзы, калі ўспамінае, як чакала лістоў з Афганістана, дзе служыў яе сын Васіль.
Зоя Максімовіч большую частку жыцця працавала на мясцовай ферме даяркай. Пенсіянерка дзеліцца рознымі гісторыямі з тых часоў. Як змагаліся за кожны літр малака, як выходжвалі цялят і паілі з бутэлечкі, як спраўляліся з маладымі цёлкамі. А дома ж таксама трымалі вялікую гаспадарку: карова, свінні, парасяты ды агарод. Падаіла кароў на ферме, прыбегла дахаты, каб дзяцей паглядзець, вярнулася на працу.
Працаздольнасці гэтай жанчыны можна пазайздросціць. Цяжкай працай дамагалася 4000 кг малака на карову.
— Гадавалі дзяцей, працавалі не апускаючы рук і адпачываць яшчэ паспявалі. Як свята, то ў нашай хаце заўсёды збіраліся аднавяскоўцы, сябры, калегі. Муж іграў на гармоніку, спявалі песні, — з усмешкай успамінае жыхарка Стараселля.
А як адзначылі залатое вяселле! На 50-годдзе шлюбнага жыцця ў хаце сабралася ўся вялікая сям’я, незлічоныя госці. Песні і танцы пад гармонік, баян, гітару… Адным словам, гулялі Максімовічы, гуляла вёска. Азмрочыла той год хуткая смерць гаспадара прама на руках жанчыны, падарвала яе здароўе. Але Зоя Сяргееўна трымаецца. Зараз з ёй жыве малодшы сын, дапамагае. Астатнія часта ў госці прыязджаюць.
Самымі шчаслівымі момантамі жыцця Зоя Сяргееўна называе нараджэнне прадаўжальнікаў роду.
— У мяне 6 унукаў і 2 унучкі, 2 праўнукі і 5 праўнучак. Вось якая я багатая! — хваліцца жанчына.
Дом пабудавалі, калодзеж у двары самі зрабілі, сад пасадзілі, дзяцей выгадавалі. Пенсіянерка кажа, што гэта і ёсць шчаслівае сямейнае жыццё.
Зоя Сяргееўна Максімовіч жадае чытачам добрасумленна ставіцца да працы і любіць адзін аднаго. Вось тады ўсё атрымаецца!

Зоя Сяргееўна неаднойчы запрашалася на ўрачыстыя цырымоніі ў райцэнтр. За высокую адказнасць і майстэрства даярка ў розныя гады ўзнагароджана граматамі і дыпломамі рознага ўзроўню, станавілася пераможцам спаборніцтваў за павелічэнне вытворчасці малака.

Гутарыла Кацярына БУРАК.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *