11.12.2024
Важное Общество

Чашніцкая скарбонка: жывая спадчына

  • 31 декабря, 2019
  • 1 min read
Чашніцкая скарбонка: жывая спадчына

Фальклорнае свята на мінулым тыдні прайшло на Чашніччыне. Пачалося мерапрыемства хлебам-соллю — так прынята на нашай зямлі вітаць гасцей.

Затым на сцэне з’явілася «Чашніцкая скарбонка», якая сімвалізавала гэта фальклорнае свята. У ёй сабраны казкі, звычаі, паданні, легенды нашай мясцовасці, якія захоўваюцца дзеля будучых пакаленняў.

Калектыў «Вясёлка» Кашчынскага культурна-спартыўнага цэнтра падчас правядзення свята «Багач».

Добразычлівасць, гасціннасць, ветлівасць з’яўляюцца адметнасцю нашага народа. Шмат абрадаў, звычак, гульняў, песень, прыкмет і павер’яў ведаюць нашы продкі. На Чашніччыне клубныя работнікі на працягу многіх гадоў захоўваюць спадчыну нашай зямлі, перадаюць яе наступным пакаленням.


Сёння ў нашым раёне дзейнічаюць 12 фальклорных калектываў, колькасць іх удзельнікаў — 131 чалавек. У тым ліку 8 дзіцячых, у якіх займаюцца 79 падлеткаў. Сярод майстроў народнай творчасці два народных фальклорных калектывы — «Прасніца» (Іванскага Дома фальклору) і «Кругліца» (Кругліцкага сельскага Дома культуры). Яны неаднойчы прадстаўлялі наш раён на абласных і раённых аглядах-конкурсах.


На сцэне Дома культуры мікрараёна папяровай фабрыкі развярнулася захапляючая дзея. Гледачам была прэзентавана цэльная сістэма каляндарнага фальклору.
Спачатку прадэманстравалі відэафільм пра «Тройцу», падрыхтаваны Альшанскім СДК. Вядома, што Тройца — важнае праваслаўнае свята. З ім звязана шмат традыцый і звычаяў, якія можна і трэба шанаваць. Гэта свята жыцця і прыроды.
Затым на сцэну выйшлі прадстаўнікі фальклорнага калектыву «Вяскоўцы» Лукомльскага СДК. Яны паказалі абрад вяртання русалак «Розгары». Па паданнях, у рэках і азёрах жывуць русалкі, якія выходзяць адтуль адзін раз у год пасля Тройцы і на працягу тыдня бавяцца, гуляюць на палях, у гаях, каля рэк і азёр, а потым вяртаюцца ў свой свет.
Купальскае свята ў выкананні дзіцячага фальклорнага калектыву «Вербачка» ДК г. Чашнікі захапіла гледачоў напоўненасцю і прыгажосцю дзеі.


Каллектыў «Вясёлка» Кашчынскага культурна-спартыўнага цэнтра паказаў свята «Багач». У мінулым людзі адзначалі яго тады, калі апошні сноп быў дажаты. Багач, згодна з павер’ем, забяспечваў ніву жытам і прыносіў дастатак і шчасце. Сноп урачыста прыносілі ў хату, абмалочвалі, зерне ссыпалі ў лубок, затым устаўлялі свечку і запальвалі яе. Такім чынам рабіўся багач, які заносілі ў кожны двор, тым самым жадаючы багацця.
З глыбокай даўніны прыйшоў да нас народны звычай «Вячоркі». Як ні цяжка было жыць у тыя далёкія часы, а любоў да песень, танцаў, гульняў, жартаў жыла. І сёння можна павучыцца ў нашых продкаў працаваць, весяліцца, танцаваць, у гульні розныя гуляць. Народны звычай «Вячоркі» прадэмастраваў дзіцячы фальклорны калектыў «Вяснушкі» ДК мікрараёна папяровай фабрыкі.
Не абышлося мерапрыемства без народнага фальклорнага калектыву «Прасніца» Іванскага Дома фальклора. Гэты калектыў смела можна назваць скарбонкай, прыкладам беражлівага і паважлівага стаўлення да сваіх продкаў, вытокаў. З задавальненнем гледачы слухалі народныя песні пад баян.
У выкананні фальклорнага калектыву Альшанскага СДК была праведена «Вечарына беларускага фальклору» з народнымі гульнямі, загадкамі.
Парадаваў гледачоў песнямі і танцамі народны фальклорны калектыў «Кругліца» Кругліцкага сельскага Дома культуры. Гэты калектыў — удзельнік тэлепраектаў «Вячэрні Віцебск», «Наперад у мінулае», «Беларуская кухня». «Кругліца» — актыўны ўдзельнік фестывалю «Справа» ў аграгарадку Чарэя.


Вось так «Чашніцкая скарбонка» папоўнілася абрадамі і святамі народнага календара. Кіраўнікі гурткоў прывезлі мясцовыя рэчы, якія сімвалізуюць народныя абрады і святы. Таямнічую кветку-папараць аддалі ў скарбонку прадстаўнікі ГДК з надзеяй на шчаслівую будучыню. Вянком русальным папоўнілі яе прадстаўнікі з Лукомля дзеля аховы сям’і і прадаўжэння роду, на поспех у полі, на ўрадлівасць нівы, на дабрабыт. Зярняты — з Кашчына, каб у наступным годзе ўраджай быў багаты…


А таксама народнымі песнямі і танцамі, якія былі прадстаўлены падчас мерапрыемства.

Кульмінацыяй мерапрыемства стала падвядзенне вынікаў агляду-конкурсу фальклорных калектываў «Чашніцкая скарбонка», які праходзіў на працягу 2019 года. Кожны фальклорны калектыў быў павінен даслать на суд журы свой відэазапіс з абрадамі і святамі з цыклу каляндарнага фальклору. Месцы размеркаваліся наступным чынам: трэцяе — у фальклорнага калектыву «Кругліца» Кругліцкага СДК, другое — у фальклорнага калектыву «Вяскоўцы» Лукомльскага СДК, першае заняў фальклорны калектыў «Вяснушкі» Альшанскага СДК, усе астатнія атрымалі дыпломы за ўдзел. Віншуем пераможцаў!
Фальклорнае свята даравала сваім гледачам шмат станоўчых эмоцый.

Марына МІШУЛКОВА.

Глядзіце фатарэпартаж тут.

Поделиться в:

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *