Пра мінулае і сучаснае

(Працяг. Пачатак у №22 от 17.03.2020г.)
Існуюць розныя думкі наконт месца пражывання Васіля Цяпінскага, але вёска з назвай Цяпіна, аб якой ідзе не аднойчы гаворка ў гістарычных дакументах, знаходзілася і зараз знаходзіцца менавіта на Чашніччыне. Есць некалькі весачак з такой назвай у Расійскай Федэрацыі, але па звестках гісторыкаў наша вёска Цяпіна — родная для знакамітага асветніка сусветнай вядомасці.
Пра жыццевы шлях Васіля Цяпінскага мала што вядома з дакументальных пісьмовых крыніц, але існуючыя звесткі даюць нам інфармацыю пра паходжанне і роднасныя сувязі нашага земляка.

Былі ў Васіля старэйшыя браты Ждан і Іван-Война. Соф’я Данілаўна, жонка Васіля Цяпінскага, належала да роду князёў Жыжэмскіх. Мелі Васіль з жонкай радавы маентак Цяпіна, уладанні ў Менскім, Лідскім, Ашмянскім, Віленскім паветах. Апошнія потым былі прададзены, у тым ліку і на тыя грошы гаспадаром была адкрыта уласная друкарня, бо дакументальныя запісы тых далекіх часоў даносяць да нас інфармацыю, што ў студзені 1604 года, ужо пасля смерці Васіля Цяпінскага, Полацкім гарадскім судом разглядалася справа пра падзел паміж сынамі і жонкай толькі Цяпіна. Кнігадрукаванне было шматзатратным і патрабавала немалых сродкаў.

Архіўныя звесткі сведчаць, што Васіль Цяпінскі прымаў удзел у Інфлянцкай вайне 1558-1563 г.г., а дзесьці ў 1567 годзе служыў таварышам коннай роты старасты з Оршы Ф. Кміты-Чарнабыльскага. Таксама даследчыкі высветлілі, што ў пачатку 1570-х гадоў кнігавыдавец жыў у Вільні, што ен служыў у падканцлера Вялікага княства Літоўскага Астафія Валовіча, які падтрымліваў рэфармацыйны рух, кнігавыдавецкую і асветніцкую дзейнасць.
Якраз у гэтыя гады і пачалася такая патрэбная і важная дзейнасць нашага земляка па кнігадрукаванні. У мястэчку Цяпіна на свае сродкі гаспадар арганізаваў друкарню, прычым для выдавецтва кніг на старабеларускай мове. Гэта прынцыпова адрознівала цяпінскую друкарню ад іншых.

Цікава, чаму менавіта Васіль Цяпінскі стаў прадаўжальнікам справы вялікага Францыска Скарыны? Адказ просты: ен быў сапраўдным патрыетам сваей краіны. І таму вырашыў друкаваць Евангелле на дзвюх мовах — старабеларускай і царкоўнаславянскай. Наперадзе была вялікая і цяжкая справа па перакладзе. В. Цяпінскі валодаў добрай бібліятэкай, якая вельмі дапамагала ў перакладчыцкай справе. Вядомае толькі адно выданне Евангелля 1570 года з Евангеллем ад Матфея, Марка, часткова ад Лукі. Гэтая частка знаходзіцца ў Санкт-Пецярбурзе ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы, а знайшлі яе ў рукапісным зборніку яшчэ ў 19 стагоддзі. Тэкст на 62 аркушах Евангелля Васіля Цяпінскага, якія былі ўплецены ў зборнік, надрукаваны ў два слупкі (на царкоўнаславянскай і старабеларускай мовах) са спасылкамі на літаратурныя крыніцы.Прадмова да «Евангелля» была напісана ім жа і змяшчалася на шасці аркушах. Была яна адметнай з пункту гледжання патрыятычнай накіраванасці. Абмеркаванне ў прадмове вострых пытанняў тагачаснага грамадства, асуджэнне царкоўнай і свецкай знаці, абыякавасці іх да будучыні краіны было прынцыпова новым. Любоўю да Радзімы і свайго народа прасякнуты радкі прадмовы. Беларускі народ ён называў «зацный, славный, острий, довстипный» і заклікаў да пад’ему нацыянальнай культуры і асветы, казаў аб адкрыцці школ. Падзяляў Васіль Цяпінскі погляды Сымона Буднага і, як сведчаць гістарычныя крыніцы, быў з ім блізкі па палітычных і рэлігійных пытаннях. Напрыклад, у адной са сваіх кніг Сымон Будны пісаў пра сінод антытрынітарыяў 1578 года, дзе Цяпінскі сцвярждаў, што мець маемасць і ўдзельнічаць у справядлівых войнах — не грэх і не супярэчыць Бібліі.Такіх поглядаў прытрымлівалася і шляхецтва, прыхільнае к пратэстанцкаму руху.

Многія сучаснікі скептычна адносіліся да грамадскіх поглядаў і дзейнасці Васіля Цяпінскага. Што ж хацеў данесці да свайго народа наш зямляк, асветнік і гуманіст? (Працяг будзе…)

Наталія ШЫРКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *