«Ад мінулага да сучаснага маёй Чашніччыны»

— так называлася святочнае мерапрыемства, прымеркаванае да 480-годдзя Васіля Цяпінскага, нашага знакамітага земляка, паслядоўніка Францыска Скарыны. Праводзілася яно ў мінулую пятніцу, напярэдадні Дня горада Чашнікі, у вёсцы Цяпіна Празямлянскага сельсавета. Менавіта тут, у маляўнічым куточку Двор Цяпіна, у эпоху сярэднявечча жыў і дзейнічаў наш Васіль Цяпінскі, асветнік і гуманіст, пісьменнік, палымяны патрыёт зямлі беларускай.


На ўваходзе на тэрыторыю Цяпінскай сярэдняй школы-дзіцячага сада гасцей мерапрыемства віталі хлебам-соллю дзяўчаткі і хлопчыкі ў нацыянальным беларускім адзенні, запрасілі прайсці да пляцоўкі-макета з памятным камнем, які быў устаноўлены да 450-годдзя Васіля Цяпінскага на месцы былой сялібы Цяпінскіх, а потым перавезены сюды.


Сёння школа фактычна з’яўляецца цэнтрам захавання памяці пра Васіля Цяпінскага. Зусім лагічна, што ўдзельнікаў святочных урачыстацей запрасілі ў школьны гісторыка-краязнаўчы музей, які носіць імя славутага земляка.


Дарэчы, музей быў створаны ў 1990 годзе па ініцыятыве настаўнікаў і вучняў установы адукацыі, зараз тут болей за 200 экспанатаў, адзін з сямі раздзелаў якраз і прысвечаны Васілю Цяпінскаму.

Экскурсаводы, у ролі якіх выступалі вучні школы, расказалі пра радавое дрэва паслядоўніка Францыска Скарыны, яно з’явілася дзякуючы даследчай рабоце школьнікаў і настаўнікаў. А таксама распавялі тыя скупыя звесткі, якія сёння маюцца пра нашага асветніка. Ён перакладаў на беларускую мову некаторыя раздзелы Евангелля, прадмову да яе і надрукаваў у друкарні, заснаванай на свае грошы – і ўсё гэта дзеля адукацыі людзей. Існавала друкарня нядоўга – год дванаццаць-пятнаццаць. Чаму перастала працаваць, невядома: ці патрабавала немалых грошай, а іх у Васіля было не шмат, ці прычына якая іншая.


Далей свята доўжылася на пляцоўцы ля школы. Работнікі культуры дапоўнілі аповяд пра Васіля Цяпінскага. Цікава, што Цяпінскі сабе ўзяў псеўданім па назве вёскі, падкрэсліваючы сваю повязь з роднай зямлёй. Сапраўднае ж яго імя – Васіль Мікалаевіч Амельяновіч. Ці тое, што Двор Цяпіна тады – гэта палац на ўзгорку, асобны дом прыслугі, другія гаспадарчыя пабудовы, якія ўпрыгожвалі ліпы, дубы, бярозы, непадалёку – гасцінец з мастком, 12 цагляных хат, у якіх жылі людзі, што два разы ў тыдзень працавалі на пана, а таксама чацвера сялян, якія плацілі «куніцу» па 48 грошай у год.


Прысутных на свяце віталі ветэран працы А. Т. Жылінскі, старшыня Празямлянскага сельвыканкама М. І. Ярох, старэйшына вёскі Цяпіна В. В. Прышчэп.


Крыху раней у гэты ж дзень адбылося адкрыццё крынічкі Васіля Цяпінскага (матэрыял пра гэта на 7-й старонцы), а таму асаблівыя словы падзякі гучалі ў адрас тых, хто шмат папрацаваў дзеля яе аднаўлення – Віктара Прышчэпа, Васіля Шарапіна, Кірыла Шынкевіча, Івана Прышчэпа, Аляксея Гурко, Людмілы Унуковіч, Валянціны Каваленка, Віктара Хацкевіча, Аляксандра Загаловіча, Васіля Гаўрылькава, Васіля Мухамедзянава, Сяргея Унуковіча, Аляксандра Унуковіча, Аляксандра Галавача, Аляксандра Хацкевіча. Паўла Беліжэнкі і іншых. Ім Мікалай Іванавіч Ярох уручыў Падзяку старшыні сельвыканкама.


Далей сваім майсэрствам прысутных радавалі майстры мастацкай самадзейнасці Чашніцкага гарадскога Дома культуры.

Міхаіл ДЗЕРАВЯГА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *