Чыстай вады крынічка

У суботу Чашнікі святкавалі свой 516-ы год нараджэння. Шмат мерапрыемстваў, прысвечаных Дню горада, прайшлі напярэдадні. Адно з іх — адкрыццё крыніцы Васіля Цяпінскага непадалёк ад вёскі Цяпіна, ля дарогі Лепель — Орша.

Мы не раз расказвалі аб тым, як энтузіясты на чале са старэйшынай згаданай вёскі В. В. Прышчэпам, старшынёй раённай ветэранскай арганізацыі В. У. Каваленка, прадпрымальнікам А.А. Галавачом, К.С. Шынкевічам рашылі ўвекавечыць памяць пра нашага знакамітага земляка, асветніка і гуманіста Васіля Цяпінскага — аднавіць крыніцу і назваць іменем нашага Васіля. Іх ініцыятыву падтрымала шырокая грамадскасць — свой уклад унеслі людзі розных прафесій: настаўнікі, прадстаўнікі раённай улады, работнікі культуры, ваеннага камісарыята, мясцовых сельвыканкама і сельгаспрадпрыемства, дэпутат Палаты прадстаўнікоў І. Ф. Мартынаў і іншыя.
Дружна касілі, высякалі кусты, мялі, граблі, чысцілі, убіралі — адным слова, наводзілі парадак. І гэта быў толькі першы этап на шляху да мэты.

Наперадзе была работа, якая патрабавала нямала намаганняў. Зрабіць культурна выток вады з крынічкі, акуратна вы-класці яго каменнем, стварыўшы нешта накшталт невялікага рэчышча, пабудаваць з дрэва журавель, каб даставаць вядром ваду з крынічкі, ахінуць яе зрубам, змайстраваць і ўсталяваць альтанкі, лаўкі, указальнік пры дарозе… Дапамога Чашніцкага палівазбыта (кіраўнік А. М. Хацкевіч), Цяпінскай ДССШ (В. А. Шалухін), Чашніцкага лясніцтва (С. Д. Сімака), Г. У. Шынкевіч, ІП А. Беленчука, П. Беліжэнкі была яшчэ як дарэчы…
А ў мінулую пятніцу на адметным для кожнага з нас месцы адбылося асвяшчэнне крыніцы. Благачынны цэркваў Чашніцкай акругі, настаяцель прыхода храма Праабражэння Гасподня Уладзімір Каляда прачытаў малітву, акрапіў святой вадой.

Дзякуй кожнаму, хто ўнёс пасільны ўклад у аднаўленне крынічкі, хто рупіўся, каб зберагчы памяць пра нашага слыннага земляка. Каб узвысіць над будзённасцю наш гонар — далёка не кожнай мясціне пашчасціла стаць радзімай такой знакавай асобы ў гісторыі краіны, як наш Васіль, постаць якога і праз стагоддзі нам прыкладам служэння роднай зямлі.
Абавязкова наведайце крыніцу Васіля Цяпінскага, паспрабуйце крыштальна чыстай сцюдзёнай вады…
І хай доўжыцца слаўная гісторыя нашага краю.

Міхаіл ДЗЕРАВЯГА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *