Музыкі іграюць, дзяўчаты спяваюць

Амаль сем гадоў пры Лукомльскай ДРЭС пад кіраўніцтвам Сяргея Семянькова працуе народны аматарскі  калектыў  Рэспублікі   Беларусь – ансамбль народнай музыкі і песні «Землякі-музыкі». Але, калі казаць дакладней,  яго творчая гісторыя пачалася  больш за дваццаць гадоў таму. Асноўны склад калектыву – удзельнікі народнага вакальна-інструментальнага ансамбля «Прамень», які быў створаны пры Палацы культуры энергетыкаў у канцы 90-х гадоў мінулага  стагоддзя і існаваў да 2013 года, калі ўстанову  перадалі ў камунальную ўласнасць раёна. У гэты час адміністрацыя ЛДРЭС прыняла рашэнне захаваць творчы патэнцыял работнікаў  і сабраць  новы калектыў. Карацей кажучы, «Прамень» пачаў выступаць пад іншай назвай, але пазбавіўся звання «народны». Гэты статус ансамблю  прысвоілі ў 2017 годзе. А ў верасні артысты з Новалукомля пацвердзілі свой высокі ўзровень майстэрства.

Сёння ансамбль стаў са-праўднай школай фарміравання мастацкага густу працаўнікоў прадпрыемства. У складзе «Землякоў-музыкаў» два гурты – вакальны і інструментальны, узрост іх удзельнікаў ад 30 да 63 гадоў. Выдатна спяваюць Вераніка Баляскова, Кацярына Аляксандрава, Наталля Курылава, Таццяна Бераснева і Наталля Якімцова. Квартэт музыкаў – цымбаліст Генадзь Бурэйка, скрыпачка Алена Бурэйка, бас-гітарыст Віктар Кнацько і баяніст-гарманіст Сяргей Семянькоў.
У іх выкананнні гучаць розныя па характару і мастацкаму стылю творы. У асноўным гэта беларускія народныя песні і інструментальныя найгрышы. За апошнія тры гады музычная скарбонка папоўнілася аўтарскімі песнямі кіраўніка ансамбля Сяргея Семянькова: «Вясельная», «Заламіў асінку хлопец», «Салоўка», «Ой, не вылятай, сіва зязюлька». Канцэрт ансамбля – гэта тэатр песні, які заснаваны на мясцовым фальклоры. Спявачкі ды музыканты знаёмяць слухачоў з малавядомымі жамчужынамі спадчыны рэгіёну і краіны.

Калектыў – удзельнік шматлікіх урачыстых мерапрыемстваў, што праходзяць на пляцоўках раёна, вобласці, рэспублікі. Традыцыйна выступае ў гарадскіх праграмах, што ладзяцца да Дня энергетыка, Дня Незалежнасці, Дня Перамогі. Частыя госці новалукамчане на святах, прымеркаваных да дзён Чашнік і Новалукомля. Даволі часта прыязджаюць «Землякі-музыкі» у аздараўленчы комплекс «Сасновы бор» Лукомльскай ДРЭС.Ансамбль з’яўляецца фіналістам Рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу працоўных калектываў «Працоўныя таленты – 2018», мае Дыплом удзельніка XVIII абласнога агляду-конкурсу харэаграфічных калектываў, прысвечанага 100-годдзю з дня нараджэння заслужанага дзеяча культуры Беларусі І. А. Серыкава «Прыдзвінскія карункі». У мінулым годзе стаў лаўрэатам ІІ ступені на абласным аглядзе-конкурсе народнай музыкі і прыпеўкі «А музыкі граюць, граюць» у межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». С.В. Семянькоў узнагароджаны Дыпломам ІІ ступені як індывідуальны выканаўца на гармоніку.

Сябруюць артысты з горада энергетыкаў з Заслужаным ансамблем народнай музыкі «Бяседа», Дзяржаўным хорам імя Г. Цітовіча, кіраўнікі якіх аказваюць кансультатыўную дапамогу калегам з Чашніччыны. Дарэчы, у выкананні «Бяседы» даволі часта гучаць песні С.В. Семянькова.
Гэты год быў плённым. Але пандэмія ўнесла свае карэктывы. Мерапрыемствы, у якіх планавалі ўдзельнічаць творчыя асобы з Новалукомля, былі перанесены на больш спрыяльны перыяд. А з другога боку з’явілася больш часу для творчасці і рэпетыцый, падрыхтоўкі новых нумароў, якімі неўзабаве парадуюць гледачоў «Землякі-музыкі» на канцэрце, прысвечаным Дню энергетыкаў.

Нашы землякі – нязменныя ўдзельнікі рэспубліканскага галіновага агляду-конкурсу аматарскіх калектываў мастацкай творчасці энергетычнай прамысловасці. У 2017 годзе ў ім занялі ІІ месца сярод выканаўцаў народнай песні, у 2019 годзе – ІІІ месца.

Варвара ЮРКЕВІЧ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *