Ксёндз Мікалай ЛІПСКІ павіншаваў са святам

Са святам Божага Нараджэння

«Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан» — такімі словамі анёл Божы абвяшчае радасную вестку аб Божым нараджэнні.

«Няма такой пандэміі, няма такога крызісу, якія маглі б загасіць гэтае святло. Дазволім жа яму ўвайсці ў нашыя сэрцы: працягнем руку тым, каму гэта больш за ўсё патрэбна, каб Бог зноў нарадзіўся ў нас і сярод нас», — заклікае Папа Францішак.

Хрыстус прыходзіць у гэты свет, каб асвятліць цемру граху святлом Божай ласкі, каб разагнаць страх і даць надзею, каб аголіць хлусню праўдай, каб вывесці з палону да свабоды, каб перамагаць зло дабром, а нянавісць любоўю.

Паважаныя католікі і ўсе жыхары Чашніцкага раёна!

Жадаю вам цудоўнага перажывання свята Божага Нараджэння. Няхай гэта вестка напоўніць вашы сэрцы радасцю, даверам, спакоем, дадасць сілы, надзеі і здароўя.

Новы 2021 год у Каталіцкім Касцёле аб’яўлены Годам святога Юзафа, галоўнага апекуна Касцёла, і будзем таксама дзякаваць Богу за аднаўленне касцёльных структур у Беларусі ў 30-годдзе той падзеі. Хай Бог апякуецца і бароніць ад эпідэміі як фізічнага, так і грахоўнага вірусаў, каб наша Бацькаўшчына нанава стала краінай міру, узаемнай любові і ўзаемапавагі.

Ксёндз Мікалай ЛІПСКІ, пробашч чашніцкага і новалукомльскага касцёлаў.

Святыя Імшы ў касцёле ў Чашніках адбудуцца 24 снежня ў 20.00, 25 снежня ў 10.00. Святыя Імшы ў касцёле ў Новалукомлі — 24 снежня ў 22.00, 25 снежня — у 12.00.
З улікам складанай эпідэміялагічнай сітуацыі трэба нагадаць аб захаванні рэкамендацый Міністэрства аховы зда-роўя і раней выдадзеных распараджэнняў касцёльных уладаў. А тыя, хто не мае магчымасці асабіста ўдзельнічаць у літургіі, могуць скарыстацца магчымасцямі прамых трансляцый на каталіцкіх сайтах (напрыклад, https://catholic.by, https:// radiomaria.by) ці іншымі.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *