Гонар Прыдзвінскага краю

У мінулую пятніцу ў абласным цэнтры, у канцэртнай зале «Віцебск», адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны» за 2020 год. Па традыцыі прадстаўнікі з усіх раёнаў і гарадоў Прыдзвінскага краю сабраліся разам, каб ушанаваць лепшых працаўнікоў розных галін вытворчасці, тых, хто заслужыў гэтае ганаровае званне сваёй плённай працай.     Удзел у святочных мерапрыемствах прыняла і дэлегацыя Чашніцкага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Л. У. Пляшко.

На сцэне лаўрэаты ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны» за 2020 год.

Шчыра вітаў удзельнікаў мерапрыемства старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта М. М. Шарснёў. Мікалай Мікалаевіч падкрэсліў, што мы ўшаноўваем лепшых нашых сучаснікаў, тых, хто будуе дамы і заводы, вырошчвае ўраджай і вырабляе прадукцыю, лечыць і вучыць, беражэ і абараняе. За званнем «Чалавек года Віцебшчыны» — аўтарытэт, які каваўся гадамі. У ім адлюстраваліся прафесіяналізм, настойлівасць, прагрэсіўныя падыходы ўладальнікаў звання. Іх добрасумленная праца, мэтанакіраванасць умацоўваюць імідж Віцебскай вобласці.

Год, які прайшоў, запомніўся значнымі і выніковымі справамі, нямала дасягненняў у розных сферах жыццядзейнасці. Шмат чаго дасягнулі аграрыі Прыдзвіння, агульны вынік складаўся з намаганняў кожнага. «Парадаваў вынікамі працы і трактарыст-машыніст гаспадаркі «Проземле-Агра» Чашніцкага раёна Алег Міхайлавіч Шарлай, — адзначыў Мікалай Мікалаевіч. — Узята раней, здавалася, недасягальная аграрная вышыня. У мінулым сельскагаспадарчым сезоне на трактары «Case 500» з плугам дванаццаць карпусоў фірмы «Lemken» узараў 4896 гектараў, гэта пятая частка ад усяго аб’ёму раллі раёна. Акрамя гэтага, на «КВК-800» нарыхтаваў 6799 тон зялёнкі, гэта амаль чвэрць усяго аб’ёму, нарыхтаванага ў гаспадарцы».

Старшыня аблвыканкама М. М. Шарснёў уручае Дыплом абласнога выканаўчага камітэта, Ганаровы знак і грашовае ўзнагароджанне А. М. Шарлаю.

Звяртаючыся да лаўрэатаў ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны», М. М. Шарснёў падкрэсліў: «Вынікі, якіх вы змаглі дабіцца, маюць асаблівую каштоўнасць для нашай вобласці. Сваёй дзейнасцю вы даказваеце, як бязмежна многа можа чалавек, рухомы жаданнем зрабіць свой край мацнейшым і прыгажэйшым. Кіраўнік вобласці шчыра павіншаваў лаўрэатаў, выказаў вялікую падзяку за добрасумленную працу, самаадданасць, ініцыятыву, наватарства, пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту, радасці, аптымізму, мірнага неба, каб удача спадарожнічала заўсёды і ва ўсім.

Сярод тых, каму ў адпаведнасці з рашэннем Віцебскага аблвыканкама прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны» за 2020 год, у намінацыі «Аграпрамысловы комплекс, ахова навакольнага асяроддзя, лясная гаспадарка» і наш зямляк, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ «Проземле-Агра» А. М. Шарлай. Дыплом абласнога выканаўчага камітэта, Ганаровы знак і грашовае ўзнагароджанне Алегу Міхайлавічу на сцэне канцэртнай залы ўручыў старшыня Віцебскага аблвыканкама М. М. Шарснёў.

Дэлегацыя Чашніцкага раёна, якая прыняла ўдзел у цырымоніі ўзнагароджвання лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны» за 2020 год.

Ва ўрачыстасцях удзельнічалі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта краіны ў Віцебскай вобласці У. П. Андрэйчанка, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці А. К. Ліневіч. Уладзімір Паўлавіч павіншаваў прысутных са святам, лаўрэатаў — з ганаровым званнем «Чалавек года Віцебшчыны», пажадаў усім міру, спакою, плёну ў працы.
Добрым падарункам удзельнікам цырымоніі ўшанавання лаўрэатаў стаў вялікі святочны канцэрт у выкананні лепшых майстроў вобласці.

З першых вуснаў
А. М. Шарлай, лаўрэат ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны» за 2020 год:
— Што і казаць, крыху хваляваўся, не кожны дзень такое бывае. Адчуваў і радасць, і гонар, і адказнасць — працаваць трэба як мінімум не горш. Дзякуй усім, хто ўсяляк дапамагаў, ствараў умовы для плённай працы.

Міхаіл ДЗЕРАВЯГА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *