Вынікі бібліялета падвялі ў дзіцячай бібліятэцы г. Чашнікі

Вынікі бібліялета з наступленнем восені падвялі ў дзіцячай бібліятэцы г. Чашнікі. Дыпломы і падарункі ўручылі ўдзельнікам праекта «З кнігай у летнім заплечніку», навучэнцам трэцяга класа гімназіі райцэнтра, якія правялі канікулы ў руках з мастацкай літаратурай.


Спачатку жадаючых прыняць удзел у мерапрыемстве было каля 20, але да фінальнага тура дайшлі не ўсе. На працягу лета школьнікі наведвалі бібліятэку, каб узять дадому выданні згодна рэкамендаванага спісу. Затым выконвалі заданні з буклета, які спецыяльна распрацавалі такім чынам, што разгадаць крыжаванку, адказаць на пытанні па вызначаных вершах, апавяданнях і віктарынах, можна было толькі абавязкова прачытаўшы творы. Пасля зрабіць малую кніжку і намаляваць два малюнкі. Адзін – па матывах беларускай народнай казкі, другі – на тэму найбольш упадабанай літаратуры.

Трэба адзначыць: актыўна дапамагалі бацькі. Яны сачылі за тым, каб своечасова былі здадзены кнігі на абанемент. Садзейнічалі стварэнню творчых работ юных мастакоў. Таксама значны ўклад у арганізацыю і правядзенне праекта ўнесла класны кіраўнік трэцяга класа Чашніцкай гімназіі Яўгенія Зябко.

Хацелася б сказаць, што дзеці вельмі стараліся. Таму журы было цяжка зрабіць выбар. У выніку атрымалася шэсць прызавых месцаў. Першае прысуджана Марыі Таўпінец і Цімуру Пазняку, другое – Кірылу Стаднічуку і Станіславу Баранаву, трэцяе – Дар’і Алейнікавай і Аліне Пічугінай. Вучні атрымалі дыпломы і падарункі.

Таксама ўзнагародзілі за ўдзел Аляксандра Касцянку, Аліну Кіркіж, Дыяну Лузгіну, Сафію Шырко.

Праект «БібліяЛета:кніга ў летнім заплечніку» праводзіцца ва ўстанове ўжо больш за дзесяць гадоў. Раней дзеці выконвалі практыкаванні толькі ў буклеце, а потым на выніковым мерапрыемстве веды чытачоў правяралі і суадносна гэтаму прысуджалі месцы. Апошнія тры гады вырашылі пашырыць колькасць заданняў. Зараз вучні яшчэ займаюцца прыкладной творчасцю і маляваннем.

Таксама ў рамках праекта рыхтуюць і многія цікавыя гульні, сустрэчы, віктарыны, афармляюць арыгінальныя выставы. Напрыклад, у гэтым годзе экспазіцыя называлася «Летні кніжны круіз».
Кожнае лета бібліятэкары імкнуцца зрабіць незабыўным. Гэта дазваляе прыцягнуць новых чытачоў, дапамагае ім самаразвівацца, знаёміцца з якаснай літаратурай.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *