Мастак. Рэаліст. Рамантык

Дзесяць гадоў таму пайшоў з жыцця жывапісец, член Саюза мастакоў СССР, заслужаны работнік культуры Беларускай ССР Аляксандр Казлоўскі. Ураджэнец Чашніччыны памёр у снежні 2011 года ў Мінску. Творчасцю Аляксандра Сцяпанавіча захапляліся не толькі савецкія грамадзяне. У снежні бягучага года паўстагоддзя мінула з таго дня, як А.С. Казлоўскі атрымаў статус стыпендыята ЮНЕСКА і пабываў за мяжой. Менавіта гэта паездка, знаёмства з еўрапейскай культурай і выдатнымі мастакамі таго часу дапамаглі выйсці беларускаму дзеячу на новы ўзровень майстэрства, а таксама прадставіць савецкае выяўленчае  мастацтва на міжнароднай арэне.

Для размещения на интернет-ресурсе фото предоставлено автором статьи

Аляксандр Казлоўскі нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Вялікія Труханавічы. Праз некаторы час сям’я пераехала на сталае месца жыхарства ў Ленінград. Упершыню маленькі жывапісец намаляваў пейзаж у чатырохгадовым узросце, калі бацькі купілі каляровыя алоўкі. У школе талент хлопчыка заўважыла настаўніца малявання. Па яе рэкамендацыі юнак паступіў у школу выяўленчага мастацтва пры Доме піянераў. Затым пайшоў вучыцца ў сярэднюю школу пры Усерасійскай акадэміі мастацтваў.
У 1941-м камсамольца пры-звалі ў армію. Аляксандр нёс службу у лыжным палку. Падчас Вялікай Айчыннай вайны гэтыя фарміраванні, куды набіралі спартсменаў і фізічна развітых маладых людзей, адыгралі важную ролю ў перамозе над Германіяй. Большасць вайсковых аперацый зімняга перыяду 1941-1942 гг. праводзіліся з удзелам лыжнікаў. Менавіта яны валодалі вялікай манеўрынасцю і здольнасцю раптоўна нападаць на флангі і тылы праціўніка. Але ў «лыжных воінаў» першай ваеннай зімы быў незайздросны салдацкі лёс: на фронце яны заўсёды знаходзіліся на перадавой, удзельнічалі ў самых гарачых баях, у адным з якіх быў цяжка паранены і наш зямляк.
Пасля лячэння ў шпіталі А. С. Казлоўскі ваяваў на Ленінградскім і Прыбалтыйскім франтах. Дэмабілізавалі салдата толькі ў 1947 годзе. Вярнуўшыся ў Ленінград, працягваў вучыцца. У 1950 годзе паступіў у Мастацкі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна. Хлопцу пашчасціла, бо яго педагогам быў лаўрэат сталінскай прэміі Васіль Сакалоў, вучань аднаго з вядучых прадстаўнікоў сацыялістычнага рэалізму ў мастацтве Барыса Іагансона.
Пасля трох курсаў вучобы юнага мастака прынялі ў майстэрню лаўрэата дзяржаўнай прэміі СССР Міхаіла Авілава. У 1956 годзе студэнт на «выдатна» абараніў дыпломную работу – карціну «На працу ў веску». Ужо тады многія крытыкі адзначылі талент маладога аўтара да кампазіцыйнай завершанасці, каларыстычнай цэласнасці, псіхалагічнай распрацоўкі вобразаў. Сёння палатно знаходзіцца ў калекцыі Валагодскай карціннай галерэі і з’яўляецца яркім прыкладам класічнага рэалізму савецкай эпохі.
Пасля заканчэння Мастацкага інстытута Аляксандр Сцяпанавіч разам з сям’ёй пераехаў у Мінск. Выкладаў малюнак і жывапіс на старэйшых курсах Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Разам са студэнтамі педагог часта выязджаў на пленэры, дзе з задавальненнем пісаў пейзажы. Самымі значнымі з іх Аляксандр Казлоўскі лічыў карціны «Бетонны завод Васілевіцкай ГРЭС», «Нёман. Вечар», «Стары мосцік», «Сонечны дзень». Мастаку хацелася пераносіць на палатно з дапамогай фарбаў толькі ўбачанае, у той час як яго калегі шукалі штосьці новае. Аляксандра Казлоўскага цікавіла жыццё беларускай сталіцы, старыя кварталы горада, прырода ваколіц Мінска.

Для размещения на интернет-ресурсе фото предоставлено автором статьи

Мастак актыўна ўдзельнічаў у выставах, яго творы друкавалі на старонках газет, часопісаў «Огонёк», «Юность», «Беларусь» і інш. Аляксандр Сцяпанавіч пісаў шматлікія артыкулы аб праблемах мастацтва, выступаў з лекцыямі ў Мінску, Магілёве, Быхаве, Віцебску. Лекцыю на тэму «Імпрэсіянізм» А. С. Казлоўскі прапанаваў работнікам пасольстваў і супрацоўнікам ЮНЕСКА ў Парыжы.

Падчас гэтага замежнага падарожжа савецкі мастак за тры месяцы наведаў каля 60 музеяў: Луўр, Музей імпрэсіяністаў, Музей Радэна, Музей сучаснага мастацтва і інш. Пазнаёміўся з творамі старажытнага і класічнага мастацтва Італіі, Францыі, а таксама з сучаснымі яму тэндэнцыямі і кірункамі. У Парыжы мастак пабываў у майстэрнях Монікі Матэ, Рамона Амбера, Луі Гранмезона, на выстаўцы ў Ніцы сустрэўся з Маркам Шагалам. Акрамя таго Аляксандр Казлоўскі пазнаёміўся з удавой французскага мастака Фернана Лежэ – Надзеяй Лежэ, якая падрыхтавала выстаўку работ мужа для СССР.

Пасля камандзіроўкі ў Францыю і Італію творца па-новаму пачаў успрымаць жывапіс. Ён прыйшоў да высновы, што піша дробна, без пабудовы гамы, і пачаў шукаць яе менавіта ў натуры. З натхненнем занатоўваў на сваіх палотнах цэнтральныя вуліцы і рабочыя кварталы Парыжа, імкнуўся захаваць у памяці найпрыгажэйшыя куточкі Венецыі.

У 1970-я гады жыццёвы досвед творцы абумовілі новыя адносіны да навакольнага свету, прыроды. У гэты перыяд А. С. Казлоўскаму прысуджана званне «Заслужаны работнік культуры БССР». Мастак стварае больш складаныя па кампазіцыі пейзажы-карціны – «Блакітная песня», «Красавіцкі вечар», «Зімовы вечар». Перадача жыццёвых сітуацый, умелае абагульненне ўбачанага адлюстраваны ў карцінах «Апошні аўтобус», «Субота». Карціна «Думка пра Радзіму» – філасофскі роздум пра выпрабаванні, якія выпалі на долю Беларусі, пра яе сённяшні і заўтрашні дзень. Як майстар тонкай гармоніі фарбаў прадстаў Аляксандр Казлоўскі ў нацюрмортах «Шклянка соку», «Нацюрморт з кафейнікам» і інш.

Аляксандр Сцяпанавіч да кожнай выставы, прысвечанай вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ствараў новыя сюжэтна-тэматычныя палотны ў так званым «суровым стылі». Напрыклад, карціна «Мужнасць», на якой намалявана Зоя Касмадзям’янская – дзяўчына-сімвал гераізму ў Вялікай Айчыннай вайне.

Да 90-годдзя заслужанага работніка культуры Беларусі Аляксандра Казлоўскага ў Мінскай гарадской ратушы прайшла персанальная выстава «Мастак. Рэаліст. Рамантык». У экспазіцыі было прадстаўлена каля 30 работ з прыватных калекцый.

Два палатны А. С. Казлоўскі падараваў Чашніцкаму гістарычнаму музею. Ва ўстанове на дзеючай выставе зараз можна ўбачыць карціну «Месяц нарадзіўся» (1995г.).

Варвара ЮРКЕВІЧ.