Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі едзе на Чашніччыну

Заядлым тэатралам выпадае шанец пабываць на спектаклях. Новалукомльскі Палац культуры запрашае на пастаноўкі.
18 мая сюды прыязджае рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі з гастролямі.

Фото БЕЛТА носит иллюстративный характер

У сераду, у 11.30, ва ўстанове культуры чакаюць дзяцей на інтэрактыўную казку «Залатое сэрцайка». Гэта захапляльная гісторыя пра хітрую Лісу і някемлівага Воўка, якія павадзіліся разам спусташаць куратнікі. Аднойчы скралі яны залатое яйка і былі ўпэўнены, што з яго з’явіцца цуда-курыца, якая будзе несціся золатам. Але штосьці пайшло не так.
Яркі, вясёлы, дынамічны спектакль з музыкай, песнямі і танцамі будзе цікавы не толькі маленькім гледачам, але і дарослым.
У гэты ж дзень, у 18.00, для дарослых гледачоў адбудзецца паказ камедыі «Адамавы жарты». У цэнтры сюжэта Саўка і Марыся — муж і жонка, якія шмат у чым нагадваюць біблейскіх Адама і Еву. Яны маладыя, прыгожыя і вельмі працавітыя. Жывуць у любові і згодзе, старанна вядуць хатнюю гаспадарку. Але адкуль ні вазьміся да іх з’яўляецца Чорт…
Што было далей, даведаецеся, калі наведаеце Палац культуры 18 мая. У спектаклі неверагодна пераплецены рэальнае і фантастычнае, сапраўднае і карыкатурнае, сучаснае і старажытнае. Шмат музыкі, пластыкі і, вядома, жартаў.
Набывайце білеты і з задавальненнем ідзіце ў тэатр. Упэўнены, што вы не пашкадуеце.

Наталля Мікалаева.