Хутка ўсе праваслаўныя вернікі будуць святкаваць Раство Хрыстова ці Каляды. Гэта больш пашыраная назва ў беларусаў. Адсюль і словы каледаваць і алядоўшчыкі. Прыгадаем, што звязана з гэтым святам і якія традыцыі захаваліся ў нашай мясцовасці.
Каляды – старажытнае абрадаваае свята, якое ў славян сімвалізавала пачатак новага года. Пачынаюць яго святкаваць увечары 6 студзеня, калі на небе з’яўляецца першая зорка. Таму сімвалічную зорку заўсёды рабілі калядоўшчыкі і хадзілі з ёй па хатах. Працягваецца святочны перыяд аж да 19 студзеня, калі адзначаецца свята Вадохрышча. Згодна з даўняй традыцыяй, вечары гэтых двух тыдняў і сёння называюцца святымі. Продкі лічылі Каляды асноўным зімовым святам, бо яно было астранамічным пачаткам года. Трэба зазначыць, што Калядам папярэднічаў строгі шасцітыднёвы пост, падчас якога трэба было прытрымлівацца шматлікіх абмежаванняў у ежы і паводзінах. Сустракаць Каляды належала чыстымі і фізічна, і духоўна. Таму перад святам заўсёды рабілі генеральную ўборку ў хаце, шылі новую вопратку ці апраналі ўсё самае лепшае, мыліся ў бані.
Да святкавання Каляд традыцыйна гатавалі куццю. Гэта густая каша, прыгатаваная з ячменю і запраўленая мёдам. Яна з’яўлялася сімвалам дабрабыту і ладу сям’і, з яе пачыналі калядную вячэру і кожны член сям’і павінен быў паспытаць яе. Трэба адзначыць, што куцця варылася тройчы: першая распачынала Каляды, ставілася на стол 6 студзеня, калі заканчваўся пост, таму і называлася поснай. Другая гатавалася перад старым Новым годам, увечары 13 студзеня, называлася багатай або шчодрай. Трэцяя куцця варылася 19 студзеня на Вадохрышча.
З Калядамі звязана шмат традыцый і абрадаў. Тамара Хадасеіч, кіраўнік народнага фальклорнага калектыву «Кругліца» філіяла «Кругліцкі СДК» расказала
– Сапраўды, гэтае свята самае доўгачаканае, бо праходзіць яно цікава і запамінальна. Адно з найбольш захапляльных і відовішчных дзеянняў – абрад каледавання. Ладзіцца ён увечары 13 студзеня: збіраецца гурт вяскоўцаў, усе пераапранаюцца, у кожнага свая роля. Потым ходзяць па хатах: усіх віншуюць са святам, спяваюць песні, ладзяць невялічкія сцэнкі. Гаспадар у сваю чаргу павінен аддзячыць калядоўшчыкам. Так ад хаты да хаты і назапашваюцца пачастункі. Лічылася, што ў тых гаспадарароў, хто шчыра сустрэў калядоўшчыкаў, будзе ўвесь год лад у гаспадарцы і ў сям’і. А вось калі хто адмовіў ім, – усё наадварот. Дарэчы, каза, у якую пераапранаўся хтосьці з калядоўшчыкаў, была цэнтральным персанажам, бо з’яўлялася своеасаблівым сімвалам дабрабыту.
Трэба сказаць, што з Калядамі звязана шмат прыкмет і павер’яў. Думаю, усе ведаюць пра забарону на работу па вечарах у перыяд з 6 па 19 студзеня. Маецца на ўвазе разнастайнае рукадзелле, нічога нельга майстраваць, каб не наклікаць бяду на сям’ю, гаспадарку. Гэта завядзёнка з даўніх часоў. Звычайна не асмельваюцца. Калі ж хто, так бы мовіць, саграшыў, то была мажлівасць ачысціцца, калі рассячы галень на парозе да абеда 21 студзеня – на зыход Каляд. Увогуле, гэты перыяд, з 6 па 19 студзеня мае сакральнае значэнне. Даецца чалавеку для адпачынку, для таго, каб запланаваць нешта на будучае, таму і скарыстоўвайце яго як след.
Валянціна ПРЫШЧЭПАВА