15.02.2025
На досуге Общество

Какие религиозные объекты можно посетить в Чашникском районе

  • 4 февраля, 2025
  • 1 min read
Какие религиозные объекты можно посетить в Чашникском районе

Развіццю турыстычнага патэнцыялу нашай краіны нададзена шмат увагі. З гэтай мэтай кожны месяц мінулага года быў прысвечаны пэўнаму віду турызму. У бягучым годзе такі накірунак работы стаў своеасаблівым трэндам.

У студзені ўся ўвага была прыцягнута да рэлігійнага турызму. Яго мэта – паказаць, што наша краіна мае шматвяковую гісторыю і глыбокія рэлігійныя традыцыі. Разнастайныя канфесіі тут мірна суседнічалі і развіваліся на працягу стагоддзяў, пакінуўшы багатую культурную спадчыну. За гэты месяц вялікая ўвага нададзена папулярызацыі святых мясцін, падарожжам па іх, вывучэнню рэлігійных традыцый усіх куточкаў Беларусі.

Трэба адзначыць, што ў рэспубліцы прадстаўлена каля 1400 рэлігійных аб’ектаў, уключаных у турыстычныя маршруты. З іх 400 у Брэсцкай вобласці, 50 – у Гомельскай, 460 – у Гродзенскай, 123 – у Мінскай, 99 – у Віцебскай, 69 – у Магілёўскай, 20 – у горадзе Мінску. За сценамі кожнага хаваецца гісторыя, якую трэба ведаць. Мы звярнуліся да дырэктара Турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Чашніцкага раёна Надзеі Кароль, каб даведацца пра аб’екты, што прапануюцца для рэлігійнага турызму ў нашым раёне.

– На Чашніччыне таксама ёсць нямала культавых мясцін і цудоўных куточкаў, якія можна наведаць з гэтай мэтай. Сапраўдная жамчужына нашага горада – храм Прэабражэння Гасподняга, пабудаваны ў 1875 годзе на сродкі графа Валадковіча, – ад значыла Надзея Юр’еўна і дадала: – У гэтым годзе спаўняецца 150 год са дня яго заснавання. У Новалукомлі – храм Свяціцеля Мікалая, архіепіскапа Мір Лікійскага. Дзейнічаюць два касцёлы: Прэабражэння Гасподняга – у Чашніках і касцёл Святой Марыі Магдалены – у Новалукомлі.

Як паведаміла Надзея Кароль, нажаль, большасць рэлігійных аб’ектаў да нашага часу не захавалася. Толькі рэшткі засталіся ад былой Троіцкай царквы, пабудаванай на беразе Чарэйскага возера. Храм датуецца XVI стагоддзем, мае нацыянальную значнасць і аднесены да гісторыка-культурнай каштоўнасці «2» катэгорыі. А вось храм Святога Архангела Міхаіла ў самой Чарэі ўцалеў. Таксама старажытны, з 1601 года, пабудаваны на сродкі Льва Сапегі. У 2000-м годзе на Вялікдзень у ім было адноўлена богаслужэнне.

У вёсцы Пачаевічы захаваліся руіны храма Пакрова Прэсвятой Багародзіцы. Дарэчы, храм з сумнай гісторыяй: прыкладна з XVIII стагоддзя, калісьці збіраў шмат народу на службу, выстаяў у Вялікую Айчынную вайну, а калі пачаліся рэлігійныя ганенні, быў расцягнуты па цаглінах мясцовымі жыхарамі. У Браздзецкай Слабадзе захаваліся рэшткі царквы Святога Мікалая Цудатворца. Праваслаўны храм пабудаваны з цэглы ў 1-й палове XIX стагоддзя.

Надзея Юр’еўна адзначыла, што на аснове існуючых культавых пабудоў распрацаваны два турыстычныя маршруты, у якія ўключаны выключна аб’екты рэлігійнага турызму. «Шлях да святыняў»: г. Чашнікі – в. Пачаевічы – аг. Лукомль – аг. Чарэя – в. Белая Царква – в. Вятны – в. Марынцы – в. Дубінцы – в. В. Смальянцы – г. Чашнікі, храм Прэабражэння Гасподняга, – Пачаевічы, рэшткі Траецкай (Белай) царквы, Міхайлаўская царква, нядзеючая царква ў в. Браздзецкая Слабада. Другі маршрут – «Святыні Чашніцкай зямлі»: г. Чашнікі – крыніца Баравая паблізу в. Данілаўка – в.Чарэя – в. Белая Царква – царква Святога Архангела Міхаіла – Свята-Троецкая царква.

Такім чынам, маршрут пабудаваны – засталося толькі прайсціся яго сцяжынкамі, каб пакланіцца святыням, усведамляючы значнасць мінулага для дня сённяшняга. Зразумела, вашы пазнанні ў гэтай сферы не абмяжоўваюцца абсягамі толькі нашага раёна. Праедзьце 90 кіламетраў і дакраніцеся да адной з самых старажытных святынь – Сафійскага сабора ў Полацку, аднаго з трох, існуючых на славянскіх землях. Накіруйцеся далей на захад, каб убачыць каталіцкі храм у Гервятах, які называюць беларускім «Нотр-Дамам». Дакраніцеся да цудатворных абразоў у Жыровічах і Будславе – шанаваных святынь, да якіх звяртаюцца па дапамогу тысячы людзей. Гэты спіс можна працягваць доўга, галоўнае – ёсць што самім паглядзець і прапанаваць для наведвання гасцям.

Валянціна ПРЫШЧЭПАВА

Поделиться в: