Тяпинская средняя школа в 2025 году отмечает 160-летие
Юбілей школы – адметная падзея. Гэта цудоўная мажлівасць асэнсаваць пройдзены шлях, прыгадаць, як усё пачыналася. Такая нагода наспела ў Цяпінскай сярэдняй школе. 2025-ы год знакавы для яе. Яна адзначае сваё160-годдзе.
Завітаўшы ў школу напярэдадні, убачылі, як старанна і адказна рыхтуецца калектыў пад кіраўніцтвам дырэктара Наталлі Дубінец.
– Нягледзячы на тое, што зусім нядаўна на чале, усведамляю важнасць запланаванай падзеі, – каменціруе Наталля Пятроўна. – Таму ёсць пэўныя хваляванні. Работа праведзена вялікая калектывам аднадумцаў. Нам ёсць, што паказаць і расказаць.
Сапраўды, гісторыя ў школы багатая. Яна пачалася яшчэ ў далёкім 1865-м. Менавіта тады ў Цяпіна адкрылася адно з першых народных вучылішч. У ім працавала настаўніца Алена Мажайская, а разам з ёй святар Іван Антонавіч Фашчэўскі. У 1918 адкрылася новая школа, у якой працавалі Ісаак Восіпавіч Унуковіч і Анастасія Тарасаўна Папко. У 1924-м школа размяшчалася на месцы цяперашняй пошты. Гэта была школа з чатырохгадовым тэрмінам навучання, на той час у ёй атрымоўвалі веды 80 вучняў.
У розныя часы пісалі гісторыю школы розныя кіраўнікі, але ўсіх іх аб’ядноўваў клопат пра дабрабыт роднай школы. З 2025-га года школай кіруе Наталля Дубінец. Школе ёсць чым ганарыцца, пра што расказаць. На працягу ўсяго часу існавання тут працавалі і працуюць таленавітыя педагогі – людзі, улюбёныя ў сваю прафесію. Школа сёння – сучасная ўстанова адукацыі, з прыгожымі кабінетамі, абсталяванымі сучаснай тэхнікай. Яна жыве насычаным, цікавым жыццём. Прымае ўдзел у разнастайных конкурсах, рэалізуе шмат праектаў. Усё гэта дзякуючы цеснаму тандэму цікаўных вучняў і настаўнікаў-прафесіяналаў, якія ўсе свае веды аддаюць дзецям.

Цяпінская школа дала пуцёўку ў жыццё многім хлопцам і дзяўчатам, дазволілі збыцца марам і надзеям на лепшае. Калі надараецца мажлівасць, яны заўсёды рады завітаць сюды. Тым больш, калі такая цудоўная нагода як юбілей.
Свята прайшло ў цёплай сяброўскай атмасферы ўспамінаў, сапраўды, за 160 год існавання было шмат цікавых і памятных момантаў. Увогуле, юбілей – гэта не толькі нагода для свята, але ў большасці нагода задумацца пра далейшыя планы і дасягненні, як захаваць закладзеныя традыцыі і перадаць іх наступным пакаленням. На гэтым акцэнтавала ўвагу дырэктар школы, прымаючы віншаванні ад запрошаных гасцей. Сапраўды, школе ёсць на каго раўняцца. Усім вядома асоба першадрукара Васіля Цяпінскага, які вельмі актыўна ў свой час выступаў за адкрыццё школ і выкладанне ў іх на роднай мове. Цудоўна, што яго мара збылася. Застаецца пажадаць плёну калектыву школы і сустрэць яшчэ не адзін юбілей у сценах роднай школы.
Валянціна ПРЫШЧЭПАВА