15.07.2025
Здоровье и красота Общество

Ее фото – на Доске почета. Об успехе ведущего ветврача Зинаиды Лащ

  • 12 июня, 2025
  • 1 min read
Ее фото – на Доске почета. Об успехе ведущего ветврача Зинаиды Лащ

Народная мудрасць сцвярджае, што праца чалавека трымае і ўздымае. Сапраўды, ва ўсе часы працоўны чалавек быў у пашане. Штогод на Дошку гонару заносяць лепшых у сваёй галіне. Сярод фотаздымкаў знаходзіцца і фота вядучага ветэрынарнага ўрача Чашніцкай раённай ветстанцыі — Зінаіды Лашч.

Яе захапленне жывёламі пачалося яшчэ ў далёкім дзяцінстве. Вясковая дзяўчынка, якая нарадзілася ў вёсцы Навасады Чашніцкага раёна, з задавальненнем карміла і выхаджвала хатнюю жыўнасць. І дзяўчыну не трэбы было прымушаць гэта рабіць — ёй па душы была такая праца.

— З дзяцінства разам з жывёламі — у бацькоў была вялікая гаспадарка. У мяне да чацвёраногіх асаблівыя адносіны: заўжды імкнуся ім дапамагчы, — прызналася Зінаіда Мікалаеўна. — Памятаю
свой першы прафесійны вопыт, калі прыйшла працаваць пасля ветэрынарнай акадэміі ўрачом на ферму ў Проземлі. Адным з першых маіх падапечных было маленькае, кволае, неданошанае цяля. Супрацоўнікі фермы ўжо махнулі на яго рукой, але я яго выхадзіла. Ведаеце, так прыемна, калі твае намаганні не мінулі дарма. Так і працую.

Сёння Зінаіда Мікалаеўна высокакваліфікаваны спецыяліст у галіне ветэрынарыі. Шмат работы ў вядучага ветэрынарнага ўрача хіміка-таксіколага: пачынаючы з біяхіміі крыві, заканчвае праверкай якасці загатаваных кармоў. Вось і для размовы мы заспелі нашу гераіню за сваімі прывычнымі заняткамі. Яна прывезла рабочы матэрыял для правядзення аналізаў. Спрактыкаванымі рухамі выконвае прывычныя аперацыі — упэўнена ў якасці сваёй работы. Яе дзейнасць напрамую звязана з сельскагаспадарчай галіной, што з’яўляецца прыярытэтнай у нашай краіне. Зінаіда Мікалаеўна перакананая, што аднаго якаснага правядзення аналізаў і своечасовага выяўлення інфекцый недастаткова для развіцця жывёлагадоўлі. Яна лічыць галоўнымі фактарамі належны догляд і збалансаванае рэгулярнае кармленне.

За амаль паўвекавы перыяд работы давялося нашай субяседніцы папрацаваць і ў саўгасе, і на свінакомплексе, пакуль прыйшла на райветстанцыю. За плячыма багаты прафесійны вопыт, за які і цэніць нашу гераіню кіраўніцтва. Заканамерна, што па выніках работы яе занеслі на раённую Дошку гонару.

Гледзячы на гэтую энергічную жанчыну, не верыцца, што яна ўжо працяглы час на пенсіі. Сакрэт крыецца, па яе прызнанні, у любові да працы. Без яе Зінаіда Мікалаеўна свайго жыцця і не ўяўляе. Нягледзячы на ўсю складанасць абранай прафесіі, суразмоўца прызнаецца, што яе работа — яе жыццё. Пасля работы яна едзе на дачу, дзе трымае гаспадарку, вырошчвае агародніну — усё паспявае.

Зінаіда Лашч не толькі таленавітая і самаадданая працаўніца, але і клапатлівая маці, і бабуля. У Зінаіды ёсць унучка Вікторыя, якая атрымоўвае вышэйшую адукацыю. Бабуля з гонарам распавядае пра яе поспехі і цікавасць да вучобы. Яна пераканана, што ўнучка дасягае многага дзякуючы сваёй мэтанакіраванасці і розуму, якія перадаюцца ў іх сям’і ў спадчыну. Упэўнена, што і працаздольнасць унучцы таксама перадалася. Чаго нельга сказаць зараз за іншых маладых людзей.

— Сумна бачыць, калі моладзь адпрацавала адведзены тэрмін і звальняецца, — прызналася Зінаіда Мікалаеўна. — Я не маю на ўвазе нашу галіну, я пра адносіны да прафесіі ў цэлым. Хочуць усяго і адразу, але так не бывае. Поспех дасягаецца штодзённай руплівай працай, а лёгкі хлеб — толькі ў казцы, — рэзюміравала мая субяседніца.

Вось ужо на працягу паўвека і шчыруе Зінаіда Лашч на глебе ветэрынарыі і ніколькі не шкадуе, што выбрала такую няпростую і не зусім папулярную прафесію. Яна ўпэўнена: што справу трэба любіць і жыць ёй.

Валянціна ПРЫШЧЭПАВА

Поделиться в: