Ці можна зарабляць, працаваўшы на зямлі? Адказ на гэтае пытанне ўжо некалькі апошніх гадоў шукае жыхар аграгарадка Слабада, што на Лепельшчыне, Аляксей Дземка. Досыць малады яшчэ хлопец вырашыў займацца фермерствам. Сваю ўласную гаспадарку зарэгістраваў у 2022-м. І так сталася, што асноўная частка зямель прадпрымальніка знаходзіцца на Чашніччыне. А дакладней, на тэрыторыі Красналуцкага сельсавета. Называецца сялянска-фермерская гаспадарка «Аграсоіл».
Мы сустрэліся з ураджэнцам Лепельскага раёна і пагутарылі пра тое, як гэта – займацца фермерствам у наш час. Ці разлічвае Аляксей стаць міліянерам, працуючы на чашніцкай зямельцы?
– Вядома ж, хочацца дамагчыся поспеху ў дадзенай справе, – шчыра прызнаўся селянін. – Інакш які сэнс брацца за яе. Раблю ўсё магчымае, каб бізнес развіваўся. Пэўныя поспехі ўжо ёсць. Спадзяюся, далей будзе толькі лепш і больш.
Трэба спачатку распавясці, як наш герой стаў актыўным гульцом на полі аграбізнеса. Аляксей Дземка – чалавек вясковы. Нарадзіўся і вырас на Лепельшчыне, адукацыю таксама мае профільную. Скончыў Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт у Мінску. Працаваў па размеркаванні ў адной з гаспадарак Лепельскага раёна. Потым уладкаваўся ў мясцовы райсельгасхарч намеснікам начальніка па механізацыі. За гэтыя гады, безумоўна, паднабраўся вопыту. Аднак хацелася ўвесь час распачаць сваю справу. Была такая мара. І малады чалавек свайго дамогся. Прыйшлося карэнным чынам памяняць жыццё. Пасаду дзяржслужбоўцы пакінуў, выкупіў на першых парах у родным сельсавеце збожжаўборачны камбайн.
– У мяне быў мікрааўтобус, прыйшлося яго прадаць, – падзяліўся фермер. – Старшыня нашага сельвыканкама прапанаваў: купляй камбайн ды бяры на сябе абмалот прысядзібных участкаў. Вось так усё і пачалося. Набыў камбайн, пачаў дапамагаць людзям. А праз нейкі час зразумеў, што трэба бізнес маштабаваць.
У родным аграгарадку стала Аляксею цесна. Таму і звярнуўся ён да кіраўніцтва Чашніцкага раёна з просьбай выдзеліць землі. Знайшоў поўнае паразуменне. Як вынік, асноўная частка зямельных фондаў фермерскай гаспадаркі зараз знаходзіца менавіта на Чашніччыне. Зона інтарэсаў «Аграсоіла» – вёскі Забаенне і Замошша. Ад Чашнік дадзеныя населеныя пункты досыць аддаленыя. А вось родная для фермера вёска знаходзіцца непадалёк. Таму прапанаваны варыянт яму спадабаўся. Да таго ж землі гэтыя аказаліся ў запусценні. Мясцовыя жыхары нават хваляваліся кожную вясну, каб не адбылося ўзгарання сухой расліннасці ды на хаты не перакінулася. Зараз вяскоўцы задаволены ўсім. Землі акультураны, і іх прысядзібныя ўчасткі ёсць каму абмалаціць у выпадку неабходнасці.
– Прыкладна 200 гектараў апрацоўваем зараз у красналуцкім краі, – удакладніў Аляксей Дземка. – У асноўным гэта тарфянікі. Землі з пункту гледжання агранаміі някепскія. Высокая контурнасць палёў. Ураджаі можна атрымліваць неблагія. Ёсць, вядома ж, і свае рызыкі. У мінулым годзе майскія маразы сапсавалі настрой. А потым і дажджы зарадзілі. У чэрвені на рапсавых палет ках лебедзі плавалі… Нічога не паробіш, сельскагаспадарчая вытворчасць вельмі моцна залежыць ад надвор’я. Будзем спадзявацца на больш спрыяльныя ўмовы ў бягучым годзе.
Асноўную частку ўраджаю фермер заклаў увосень. Пасеяў азімыя – жыта, пшаніцу, трыцікале. Акрамя збожжавых, вырошчвае таксама рапс. Вось яго і будзе саджаць увесну. Спадзяецца сваё ўзяць. Парк тэхнікі за апошнія гады папоўніўся гусенічнымі трактарамі, ёсць у распараджэнні грузавыя машыны. З усім аб’ёмам работ Аляксей спраўляецца ў асноўным сам. Прыходзіцца пад час сезону жніва перасаджавацца з камбайна на аўто і наадварот. І трактарам умее кіраваць. Пакуль трэба прадпрымальніку, як кажуць, абрасці тлушчам, тады можна і наёмных працаўнікой пачаць выкарыстоўваць. Думаецца, усё гэта наперадзе.
Пакуль жа дапамагаюць фермеру родны бацька, жонка. Сям’я на тое і сям’я, каб падтрымаць. У планах Аляксея набыць складскія памяшканні, уласны зернесушыльны комплекс нядрэнна было б займець. Такога кшталту аб’екты засталіся ў Красналуках ад былой гаспадаркі. Спадзяецца прадпрымальнік вырашыць пытанне з выкупам апошніх або арэндным карыстаннем. Бо ў сезон няма дзе зерне захоўваць, даводзіць да неабходных кандыцый. Прыходзіцца рэалізоўваць ураджай літаральна з колаў. А гэта не зусім па-гаспадарску.
Ёсць планы па набыцці новай тэхнікі. Фермер заглядвае ў будучыню і разумее, што трэба круціцца. Першыя крокі зроблены. Але каб стаць заможным гаспадаром, прыйдзецца прыкласці нямала намаганняў. Да ўсялякіх цяжкасцей Аляксей гатовы. Праблем ён не баіцца. Прывык іх вырашаць. Характар у яго такі, які і патрэбны ў няпростай фермерскай справе.
Спасатели МЧС на 100 процентов убеждены, безопасность начинается с самого детства! Поэтому на постоянной основе…
На государственной границе между белорусской и польской сторонами прошла операция по обмену задержанными лицами по…
Ежегодно работники МЧС среди основных причин возгораний в природных экосистемах выделяют неосторожное обращение с огнём…
Помните о безопасности на мероприятиях с массовым пребыванием людей Сегодня, а особенно в мегаполисах, люди…
В суете повседневной жизни мы часто забываем о самых базовых аспектах безопасности. Между тем, простой…
Приближается одна из самых значимых и важных дат для нашей страны – День Победы. О…