Наш славуты зямляк, Генадзь Пашкоў – адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў паэтычнага пакалення, якія пачыналі ў сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя. Толькі вершаваных зборнікаў ён выдаў звыш дзясятка. Менавіта любоў да роднай зямлі, імкненне глыбей спазнаць свой край, яго людзей – вызначальнае і галоўнае для пісьменніка.
23 сакавіка ён адзначыў бы свае 78-годдзе, але на жаль 1 снежня 2025 года яго сэрца перастала біцца.
Як успамінае ў адным з інтэрв’ю наш славуты зямляк, часцей за ўсё прыгадвае мясціны, дзе правёў дзяцінства і юнацтва, бацькоў:
– Найперш, згадваю маці Марыю Харытонаўну, якая закончыла Полацкае педвучылішча і працавала ў вясковай школе ў тых мясцінах. Калі пачалася Вялікая Айчынная, бацька пайшоў на вайну, і маці засталася з двума маленькімі дзецьмі: маім братам Эдзікам і сястрой Галяй. Аднойчы падчас жорсткіх баёў вяскоўцы хаваліся ў балоце. Сярод іх і маці з Галяй, якую ўвесь час трымала на руках. Дзед Трафім застаўся дома з маленькім Эдзікам: маўляў, старому і малому нічога не зробяць. А калі вярнулася дахаты, убачыла свайго свёкра з прастрэленай галавой, ля якога поўзаў заплаканы хлопчык. Ён так і не выжыў. Пасля вайны нарадзіліся мая сястра Валя і я – самы малодшы. Жылі мы тады ў вёсцы Малыя Ліпавічы Чашніцкага раёна.
Неўзабаве сям’я пераехала на Гродзеншчыну, у Смаргонскі раён, дзе маці была запатрабавана як настаўніца. Там Пашкоў пайшоў у школу. Ужо ў старэйшых класах юнак пачаў пісаць вершы і дасылаў ў раённую газету. Пасля заканчэння школы паступіў на факультэт журналістыкі БДУ. Ва ўніверсітэце студэнта Пашкова сустрэла творчая абстаноўка. Яго паэтычныя здольнасці развіваліся ў літаратурным аб’яднанні «Узлет», якім кіраваў паэт-прафесар Алег Лойка. Мудры настаўнік спрыяў адораным студэнтам стаць мастакамі паэтычнага слова. З універсітэцкага Парнаса ўзляцеў і паэт Пашкоў, яго вершы «пайшлі ў свет».
У студэнцкі час Пашкоў фарміраваўся як асоба, мастак і грамадзянін. Быў байцом студэнцкага атрада ў Казахстане. Студэнт – цаліннік, зачараваны рамантыкай юнацтва, сілай і энергіяй маладых людзей, пісаў у вершы «Хлеб прыйшоў».
Малады паэт пасля ўніверсітэта працуе на беларускім радые, у часопісе «Полымя». Беніфіс Пашкова адбыўся ў 1975 г. калі з друку выйшла кніга «Кляновік». Назва кнігі – вобраз цудоўнага прыроднага водару, які дае сілу чалавеку, хто паспытаў гэты божы напітак. У 1977 г. ён быў прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Паэт увайшоў у мастацкую сферу з арыгінальным поглядам на рэчаіснасць і індывідуальнай формай яе адлюстравання. Яго паэтычнай высновай стала аповедзь пра родную зямлю, якая дае жыцце чалавеку. Народ, які цверда стаіць на зямлі, адчувае яе цяпло і дабрыню, паступова ўздымаецца ў развіцці ўлоння культуры. Творчасць паэта стала арганічнай часткай мастацкай літаратуры рэспублікі і пазнавальнай у савецкай краіне. У 1977 г. у Маскве была надрукавана кніга «Чырвоныя жаваранкі». За гэту і кнігу вершаў «Дыстанцыя небяспекі» Генадзь Пашкоў ў 1980 г. атрымаў прэмію Ленінскага камсамола Беларусі. У імклівай творчасці выходзяць кнігі: «Зямлю слухаю», «Маналог на кастрышчы, «Люблю, спадзяюся, жыву». Кнігі Пашкова як вызначальныя ступені жыцця.
У 1996 г. Генадзь Пашкоў становіцца дырэктарам выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі». Створанае ў выдавецтве пад кіраўніцтвам Пашкова з’яўляецца нацыянальным дастаяннем, інтэлектуальным капіталам беларускага грамадства. Самыя каштоўныя выданні – 18 тамоў «Беларускай энцыклапедыі», сем тамоў «Рэспубліка Беларусь» і шэсць тамоў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі». Аўтарытэт паэта і грамадскага дзеяча ў 2008 г. вылучае яго на пасаду першага сакратара Саюза пісьменнікаў Беларусі. Нацыянальна і палітычна арыентаваны паэт імкнуўся арганізацыйна і метадалагічна скіроўваць дзейнасць Саюза на супрацоўніцтва з грамадскімі і дзяржаўнымі ўстановамі. Пашкоў лічыў неабходным і сваёй асноўнай задачай, каб Саюз пісьменнікаў дзейнічаў як арганічная частка новага грамадства, і імкнуўся пашыраць удзел літаратараў у культурна-асветнай працы. Чалавек, беларус, – сцвярджае паэт, – упрыгожвае сваю родную планету, зямлю, захоўвае гістарычныя каштоўнасці і будуе магутныя ступені ў будучыню. Паэт адчувае, як звоняць і «завуць да святасці званы» сучаснага жыцця і запрашае да гэтай святасці беларускае грамадства. Гэта светлая і моцная ідэя паэта становіцца духоўным здабыткам грамадства, праяўляецца ў стваральнай працы з якой вырастае прыгожы беларускі дом, населены шчаслівымі людзьмі.
Па матэрыялах прафесара А. Г. Слукі падрыхтавала Наталля Стукалава