28.04.2026
Общество

О трагической судьбе подпольной организации, действовавшей на территории Чашникского района в годы Великой Отечественной войны

  • 22 марта, 2025
  • 1 min read
О трагической судьбе подпольной организации, действовавшей на территории Чашникского района в годы Великой Отечественной войны

Даўно ўжо адшумелі залпы Вялікай Айчыннай вайны. Але гэта ніколькі не змяншае маштабаў трагедыі, якую давялося перажыць нашаму народу. Шлях да Перамогі быў доўгі і цяжкі. Змагаўся ўвесь народ: адны — на фронце, другія — у тылу. Арганізацыя падпольнага руху была сведчаннем самааданасці беларускага народа, нежадання мірыцца з захопніцкай палітыкай фашыстаў.

Паводле дакладной Чашніцкага падпольнага райкома камсамола Віцебскаму абкому, у Чашніках дзейнічала тры падпольныя арганізацыі. Гэта доказ таго, што ў нашым раёне мелася немалая колькасць патрыятычна настроеных людзей, якія дапамагалі партызанам у зборы інфармацыі аб ворагу. Падпольшчыкі дзейнічалі ўвесь час рызыкуючы жыццём.
Найбольш трагічны лёс быў у падпольнай групы, арганізатарам якой была Марыя Раманаўна Грышына. Да вайны яна працавала ў Віцебскім аблана. З пачаткам ваенных дзеянняў прыбыла ў Чашнікі і пасялілася ў былой настаўніцы Веры Кірылаўны Ваўчанковай (па мужу Турута), нібыта на працу няняй. (У Туруты было малое дзіця). Вера Кірылаўна ў гэты час працавала ў ларку, дзе абменьвала жыхарам прадукты харчавання і лекавыя травы на соль, запалкі і іншыя рэчы першай неабходнасці. Праз сувязных яна перадавала партызанам звесткі аб немцах у Чашніках. Даставала такія неабходныя медыкаменты і бінты. Затым яна наладзіла сувязь з Ксеніяй Андрыянаўнай Веняйдоўскай, якая працавала машыністкай у камендатуры. Ёй удалося, добра ведаючы нямецкую мову, увайсці ў давер каменданту. Ён даручаў ёй перадрукоўваць нават сакрэтныя дакументы. Важную інфармацыю, нямецкія аўсвайсы перадавала праз сувязных у брыгаду «Дубава». Немцы высачылі яе і арыштавалі. Па ўспамінах тых, хто сядзеў разам з ёй у турме, катавалі асабліва жорстка. Памясцілі яе ў адзіночную камеру. Калі ў лютым Ксенію вывелі на расстрэл, яе было цяжка пазнаць.

З-за гібелі асноўнай часткі членаў падполля нельга дакладна ўстанавіць яго падрабязную дзейнасць. Толькі дзякуючы неабыякавасці настаўніцы Чашніцкай школы №2 Наталлі Цыганковай, якая адразу пасля вайны па сваёй ініцыятыве сабрала ўспаміны жыхароў, якія ведалі штось пра дзейнасць падпольнай групы Марыі Грышынай. Па іх звестках стала вядома пра дзейнасць Паўла Лазаравіча Логінава, які працаваў урачом здраўпункта папяровай фабрыкі. Праз санітарку Кацярыну Шостак, якая была сувязной, ён перадаваў бінты і вату, розныя медыкаменты, нават інструменты, неабходныя пры аперацыях. Усё гэта было вельмі неабходна партызанам. У кожнага з членаў падпольнай групы былі свае абавязкі. Усведамляючы небяспеку сваёй дзейнасці, усе разам падпольшчыкі амаль не збіраліся. І ўсё ж іх высачылі.
У канцы 1943 года пачаўся разгром Чашніцкага падполля. Немцы арыштавалі Марыю Грышыну, Веру Ваўчанкову, Ксенію Веняйдоўскую, сувяз-
ную-піянерку Тамару Унуковіч разам з маці, Кацярыну Шостак, партызанскага шаўца Марка Васюту і іншых. Усе, хто ведалі кіраўніка падпольнай групы Марыю Грышыну, адзначалі муж-
насць, вытрымку пажылой жанчыны. Тыя, каму ўдалося пазбегнуць расстрэ-
лу, прыгадвалі, як яна падтрымлівала сілу волі арыштаваных у хвіліны адчаю, па-мацярынску даглядала за хворымі пасля катаванняў.
Усяго чатыры з паловай месяцы не дажылі змагары да светлага дня вызвалення. 9 лютага 1944 года 23 патрыёты былі расстраляны на беразе Улы. Наш абавязак — рабіць усё магчымае, каб памяць пра тыя страшныя трагічныя дні жыла, каб моладзь ведала сваю гісторыю. І калі спатрэбіцца, магла даць годны адказ агрэсарам, якія спрабуюць перапісаць гісторыю.


Валянціна ПРЫШЧЭПАВА

Поделиться в: