Каравай на добры ўраджай!
Свята “Зажынкі” прайшло ў мінулыя суботу-нядзелю ў гаспадарках Чашніччыны. Цікавым і змястоўным яно было ў адным з буйнейшых сельгаспрадпрыемстваў раёна КУСГП “Чашніцкае”, якое, дарэчы, адным з першых пачало ўборку хлеба і ў гэтым годзе. На мехдвары ў Пачаевічах у суботу сабраліся разам кіраўнікі гаспадаркі і сельвыканкама, механізатары, іншыя працаўнікі сельскагаспадарчага прадпрыемства, каб раздзяліць радасць першага снапа ўраджаю-2011.
Цёпла і шчыра вітаў удзельнікаў святочнага мерапрыемства старшыня райвыканкама У. У. Булай.
Гучаць беларускія народныя песні. У іх — любоў да роднага краю, вернасць нялёгкай працы на зямлі. Яшчэ колькі хвілін — і дзяўчаты ў нацыянальным беларускім адзенні ўручаюць сноп новага ўраджаю дырэктару КУСГП “Чашніцкае” П. А. Міцькаўцу.
Павел Антонавіч, выступаючы перад прысутнымі, акрэсліў задачы, якія неабходна вырашыць у ходзе жніва-2011, запэўніў раённае кіраўніцтва, што сельгаспрадпрыемства прыкладзе ўсе намаганні, каб дасягнуць мэты. А яшчэ гэты дзень памятны для дырэктара “Чашніцкага” і тым, што У. У. Булай уручыў яму Падзячнае пісьмо старшыні райвыканкама. Так адзначаны ініцыятыўная ўмелая арганізатарская работа ва ўзначальваемым прадпрыемстве, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, вялікі асабісты ўклад у развіцце сельскагаспадарчай галіны раёна, аператыўнае і належнае выкананне даручэнняў кіраўніцтва райвыканкама і адказнасць П. А. Міцькаўца.
Плёну, добрых вынікаў у рабоце жадаў хлебаробам КУСГП старшыня раённага Савета дэпутатаў Р. А. Пазняк. Хлеб вырас добры, і справа гонару — убраць хутка, да адзінага зярнятка.
Свае віншаванні і найлепшыя пажаданні адрасаваў у гэты дзень працаўнікам хлебнай нівы старшыня Альшанскага сельвыканкама А. Г. Апанасёнак.
Напоўнены глыбокім зместам стаў момант, калі з рук дзяўчат у беларускіх нацыянальных касцюмах кіраўнікі раёна, гаспадаркі, сельвыканкама, кожны механізатар атрымалі на бялюсенькім абрусе каравай з новага ўраджаю…
І вось ён, самы хвалюючы момант свята. Старшыня райвыканкама У. У. Булай, дырэктар “Чашніцкага” П. А. Міцькавец пераразаюць чырвоную стужку, тым самым даючы старт жніву-2011.
…А над ваколіцай разносіўся гул матораў камбайнаў. Наперадзе — напружаная праца, ад світання да змяркання, а то і ўночы.
Дарэчы, толькі за адзін дзень у нядзелю «Чашніцкае» намалаціла 363 тоны азімай пшаніцы, а ўсяго — больш за 800.