Пад зоркай Мілашаў

IMG_1870У апошні вераснёўскі дзень у сталіцы Беларусі адбыліся «Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні.» Гэты праект у 2011-м распачала пісьменніца-казачніца Алена Масла, ураджэнка вёскі Мілашова на Міёршчыне. Мінулым летам яна наведала Чашніччыну. Нашы мясціны аб’яднаў род Мілашаў. Вядомы паэт, дыпламат Аскар Мілаш і лаўрэат Нобелеўскай прэміі Чэслаў Мілаш — лепшыя яго прадстаўнікі. З гісторыі вядома, што ў даўнія часы, калі гаспадар гэтых зямель Францішак Сапега адмовіўся прысягнуць на вернасць Кацярыне, Ідолава і Чарэю за невялікія грошы адкупіў сакратар Сапегі — Іосіф Мілаш. Потым Мілашова было перададзена сыну Яўгеніяшу, а Чарэю ў спадчыну атрымаў сын Адам, дзед Аскара Мілаша.
Мэта праекта — сабраць аматараў гісторыі, паэзіі, жывапісу, каб разам на міла-шоу пашукаць мілашоўска-мілашаўскія лініі перасячэння лёсаў Беларусі, Літвы, Польшчы, Францыі. Першыя чытанні прайшлі ў бібліятэцы імя Цёткі з нагоды стагоддзя з дня нараджэння Чэслава Мілаша, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры, потым — на Міёршчыне і зноў у сталіцы. «Калі я распачынала серыю чытанняў, — сведчыць Алена Масла, — то не ўяўляла, колькі людзей згуртуе праект, колькі адкрые, колькі прынясе знаёмстваў». У апошніх чытаннях бралі ўдзел пісьменнікі Навум Гальпяровіч, Сяргей Панізнік, Наталля Бучынская, літаратуразнаўцы Галіна Тычка і Марына Весялуха, мастачка Аксана Аракчэева, загадчыца сельскай бібліятэкі з Чарэі Таццяна Казлоўская, стваральнік фільма «Чарэя Аскара Мілаша», вядомы дылетант Юрый Жыгамонт, спявак і музыка Сяргей Доўгушаў, бард Таццяна Беланогая.
Прывітанне ўдзельнікам даслаў пасол Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы, пастаянны прадстаўнік пры ЮНЭСКА Павел Латушка.
Парыж, 30 верасня 2014 года
  Шаноўныя сябры!
Дазвольце падзякаваць арганізатараў мерапрыемства «Пад зоркай Мілашаў» ( Мілашова — Чарэя — Вільня — Парыж — Фантэнбло) за запрашэнне прыняць удзел у Мілашоўска- Мілашаўскіх чытаннях. Не маючы магчымасці прысутнічаць у Мінску, хацеў бы даслаць удзельнікам імпрэзы мае шчырыя віншаванні. Спадзяюся, што гэтае мерапрыемства атрымае паспяховае развіццё і прыцягне ўвагу аматараў беларускай культуры, што будзе садзейнічаць далейшаму пашырэнню ў грамадстве ведаў аб нашай гісторыі, а таксама аб сучасных дасягненнях беларускіх літаратараў і мастакоў, павышэнню нацыянальнай свядомасці.
                                                                                                                    З павагай Павел Латушка.
На міла-шоу завітала таксама наша зямлячка — мастачка Вольга Дзёмкіна, якая жыве ў Францыі. У верасні-кастрычніку ў беларускай сталіцы адбылася яе выстава.
Падчас сустрэчы гучала шмат Мілашавых вершаў, музыкальныя творы на словы паэтаў, распавядалася пра жыццё Аскара і Чэслава, пра род Мілашаў, была арганізавана выстава твораў Барыса Аракчэева «Край блакітных азёр».
Самыя лепшыя ўражанні ад мерапрыемства засталіся ў Таццяны Міхайлаўны Казлоўскай. Яна вярнулася дамоў не з пустымі рукамі. Землякам прывезла бутэлечку з вадой, якая на працягу імпрэзы стаяла на стале, збіраючы жыватворную энергію творчых людзей. Яны пажадалі, каб чарэйцы ўлілі яе ў возера, недалёка ад якога знаходзіўся мілашаўскі фальварак. Так і зрабілі. На пачатку кастрычніка вучні і настаўнікі Чарэйскай школы сабраліся на беразе і далучылі чароўную вадзіцу да азёрнай. Хай не забываецца на чашніцкай зямлі гісторыя таленавітага мілашаўскага роду!

Ірына ТОРБІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *