Перамога Івана Галаўко

ро
На сцэне Дома культуры чыгуначнікаў у Оршы прайшоў дваццаць першы абласны конкурс маладых выканаўцаў патрыятычнай песні «Песні юнацтва нашых бацькоў». У спаборніцтве сустрэліся фіналісты – 24 удзельнікі, з якіх 18 індывідуальных вакалістаў і 6 вакальных ансамбляў з розных рэгіёнаў вобласці.
На працягу двух дзён гучалі патрыятычныя песні і шлягеры мінулых гадоў, праз якія канкурсанты перадавалі сваю любоў да Бацькаўшчыны, дзякавалі ветэранам за магчымасць жыць пад мірным небам. Пераможцы вызначаліся ў намінацыях «Вакальны ансамбль» і «Саліст-вакаліст». У іх ліку значыўся і прадстаўнік Чашніцкага раёна.
У групе «Саліст-вакаліст» першае месца заваяваў наш зямляк Іван Галаўко. Ён выканаў дзве песні – «Последний бой», музыка і словы М. Ножкіна, і «Как молоды мы были», музыка А. Пахмутавай, словы М. Дабранравага.
– Я вельмі рады за свайго сына, – рассказаў бацька Сяргей Галаўко. – У мінулым годзе ён таксама ўдзельнічаў у гэтым конкурсе. Трэба сказаць – не беспаспяхова, атрымаў Дыплом за лепшае выкананне патрыятычнай песні. Сёлета стаў пераможцам. Канечне, уся наша сям,я ганарыцца поспехам Вані. Сын не толькі добра спявае, але яшчэ і спортам займаецца. Часта ўдзельнічае ў розных конкурсах і спаборніцтвах.
– З задавальненнем прыняў удзел у конкурсе «Песні юнацтва нашых бацькоў», – паведаміў Іван. – Лічу, што ён дае магчымасць маладым талентам заявіць пра сябе, паказаць свае лепшыя здольнасці. Мне прыемна такая высокая адзнака журы.
Нам застаецца толькі пажадаць Івану поспехаў і здзяйснення мар.

Наталля СТУКАЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *