Хлеб… святое гэта слова

Изображение 2512 Изображение 2502
Сярэдзіна лета – асабліва напружаная пара для працаўнікоў вёскі. Яшчэ, лічы, не паспелі закончыць корманарыхтоўчую кампанію, як прыспешвае наступная, не менш важная, – зернеўборачная. Колькі дзён – і пачнецца масавая ўборка хлеба. Якраз той час, калі марудзіць нельга не тое што ні дня, ні хвіліны, калі, як кажуць, дзень год корміць…
Добра разумеюць гэта кіраўніцтва, спецыялісты, радавыя працаўнікі ААТ «Палац працы-Агра». Усе камбайны, якія ёсць у гаспадарцы, ужо паставілі на лінейку гатоўнасці. Падрыхтавалі і сушыльную гаспадарку, тэхніку для адвозкі зерня ад камбайнаў.
А ў мінулы чацвер тут справілі свята «Зажынкі», даўшы тым самым старт жніву-2015. На полі між вёскамі Вішанкі і Палац работнікі сельгаспрадпрыемства ў нацыянальным адзенні, прадстаўнікі культуры ў прысутнасці камбайнераў, іншых, хто будзе заняты ўборкай хлеба, чыталі вершы, выконвалі песні пра родны край, любоў да роднай зямлі, якімі славілі чалавека працы. А потым будуць зажыначны сноп і велічальная песня Гаспадару, падчас якой першы сноп новага ўраджаю ўручылі дырэктару сельгаспрадпрыемства С. П. Кузьміну.
Шчыра вітаючы ўдзельнікаў свята, Сямён Прохаравіч пажадаў хлебаробам перш за ўсё моцнага здароўя, плёну ў працы. Селёта трэба будзе ўбраць 1800 гектараў зерневых і зернебабовых, а гэта патрабуе не малых напружання сіл, матэрыяльных затрат. Цяжка ўзяць высокую планку, яшчэ цяжэй утрымаць вышыню (апошнія гады тут атрымліваюць 35-37 цэнтнераў на круг, у мінулым годзе валавы намалот склаў 6 тысяч тон). Таму арганізаванасць і адказнасць кожнага — залог поспеху, аснова эканомікі гаспадаркі, дабрабыту яе і саміх вяскоўцаў, упэўнены кіраўнік акцыянернага таварыства.
На добры ўраджай, падкрэсліваючы асаблівую значнасць моманту, жнеі ў нацыянальным адзенні паднеслі кіраўніку каравай з новага ўраджаю.
Як потым кожнаму механізатару, хто будзе шчыраваць на хлебнай ніве.
З найлепшымі пажаданнямі да хлебаробаў ААТ звярнуўся старшыня Празямлянскага сельвыканкама М. І. Ярох.
І вось ён, хвалюючы момант! С. П. Кузьмін, М. І. Ярох, лепшыя хлебаробы гаспадаркі пераразаюць чырвоную стужку. Колькі хвілін – і над палеткамі раздаўся гул матораў камбайнаў…
Хай будзе багатай хлебная ніва!
Хай будзе важкім каравай!

Міхаіл ДЗЕРАВЯГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *