Успаміны з дзяцінства

IMG_6008
Вы ведаеце, хто такі настаўнік? «Безумоўна», — адкажаце вы. У кожнага з нас былі першая настаўніца альбо першы настаўнік. Настаўнікі музыкі, фізікі, матэматыкі. Мы часта, ужо дарослыя, сваіх педагогаў ўспамінаем добрым словам і прыгадваем размовы па душах.
Але ж вы не ведалі, чым яны займаюцца пасля працы, чым жывуць. А мне гэта знаёма, таму што настаўніца для мяне не проста чалавек, які даваў веды па некалькі гадзін у дзень. Настаўнік — гэта жыццё, настаўнік — гэта мая маці, Тамара Уладзіміраўна Барадаўка, настаўніца пачатковых класаў Чашніцкай гімназіі.
Узгадваю, як у дзяцінстве матуля прыносіла дадому стос сшыткаў, а мы з сястрой «дапамагалі» іх правяраць. Асаблі- ва нам падабалася чытаць пераказы і сачыненні. Знойдзем штось асаблівае, зачытаем услых і радуемся разам.
На канікулах ці ў выхадны дзень нашай любімай забавай была гульня «ў школу». Рассадзім па пакоі лялькі, кожнай дадзім па лістку паперы, паставім перад імі дошку і пачынаем урокі. А які ж настаўнік без чырвонага стрыжня? Хутчэй бяжым да матулінага партфеля. Так праходзі- ла дзяцінства.
А яшчэ мы вельмі любілі Дзень ведаў і 31 мая. У нашай сям’і гэта было сапраўднае свята, калі мы з сястрой і бацька дапамагалі маці несці са школы кветкі, падораныя вучнямі. А яны так пахлі, такая духмянасць ішла! Ідзём па вуліцы і ганарымся: наша матуля — настаўніца. Ужо дома мы расстаўлялі букеты ў вёдры, бо ваз не хапала.
Цяпер мы з сястрой выраслі і радзей наведваем бацькоў, але пра Дзень настаўніка памятаем заўсёды. Стараемся сустракаць гэта свята ўсёй сям’ёй і абавязкова з кветкамі. Так будзе і заўтра…

Кацярына БУРАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *