«Павіна мець душа работа»

gr114
Гэты радок з верша-пераклада вядомага твора расійскага паэта Мікалая Забалоцкага «Душа обязана трудиться», зробленага нашай зямлячкай Аляксандрай Грыцкевіч. Ёсць у варыянце перакладчыка нейкі асаблівы сэнс, падказаны ўласным жыццёвым вопытам. Жанчына не ведае адпачынку і між тым ніколі не стамляецца. Не так даўно яна адзначыла сямідзесяцігоддзе. Дзіця вайны не лічыць узрост перашкодай для творчых пошукаў. Вось і зараз завітала ў рэдакцыю з новым зборнікам вершаў «Рэха вякоў». Аляксандра Аляксандраўна даўно жыве ў Мінску. Але малую радзіму, Чашніччыну, ніколі не забывала.
Наша апошняя размова. Госця прачытала верш, прысвечаны маці. Марыю Мацвееўну Грыцкевіч добра ведаюць чашнічане. Заслужаная настаўніца БССР пакінула светлы след у лёсах многіх сваіх вучняў. У неаплатным даўгу перад ёю – дачка.
Раскіну абрус я ільняны,
Шаўковымі ніткамі шыты,
Успомню тады я пра маму,
Лёс ейны, бядою спавіты,
Успомню я маміны вочы,
Успомню я маміны рукі,
Якія заўжды да паўночы
У працы былі без дакукі.
А вочы ласкава глядзелі,
Усю душу да дна праглядалі,
Пад маміным крыллем мы, дзеці,
Сабе абароны шукалі.
Спазнала я горкае долі,
Як маці на свеце не стала,
І коцяцца слёзы між волі
У абрус, што яна вышывала.
Прафесійнае крэда маёй суразмоўніцы не надта звязана з літаратурай і паэзіяй. У далёкія 60-я скончыла механіка-матэматычны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта (аддзяленне астраноміі). Але ці так многа можа расказаць пра чалавека дыплом нават самай прэстыжнай вну? Яшчэ ў студэнцкія гады дзяўчына захапілася вершамі. Менавіта тады да яе трапіў надрукаваны на машынцы зборнік з 39 санетаў Рыгора Шырмана. Нягледзячы на час адлігі, аўтар уваходзіў у спіс непажаданых паэтаў, і пазнаёміцца з яго творчасцю магчыма было толькі пры дапамозе так званага «самвыдата»( вершы перадрукоўвалі на пішучай машынцы і перадавалі з рук у рукі). Так 39 санетаў трапілі да маёй суразмоўніцы. І асоба, і паэзія Шырмана ўразілі студэнтку з Беларусі. Да таго ж аўтар аказаўся земляком.
Рыгор Шырман нарадзіўся ў 1898 годзе ў мястэчку Крычаў Магілёўскай губерні. Скончыў медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Да чэрвеня 1925-га быў лекарам пры радзільным доме імя Сечанава. Далей меў розную медыцынскую практыку. Пісаць вершы пачаў у дзяцінстве. Большую частку жыцця пражыў у Маскве. Сябраваў з Ясеніным, Марыенгофам. Чатыры разы быў арыштаваны.
Больш за паўвека праляжалі ў Аляксандры Аляксандраўны 39 санетаў аўтара, трапіўшых да яе ў студэнцкія гады. Доўга не магла нічога даведацца пра аўтара. Адкрыць тайну атрымалася толькі ў 2008-м, калі дзеці паэта выдалі кнігу, у якую ўвайшлі 1500 паэтычных твораў бацькі, знойдзеных на антрэсолях. З іх толькі пяць – санеты. Між тым Шырмана лічаць лепшым санетыстам 20-га стагоддзя.
Наша зямлячка, у апошні час вельмі захапіўшыся вывучэннем беларускай мовы, вырашыла перакласці захаваныя ў яе творы на родную мову. Як астраному ёй вельмі блізкі погляд паэта, душа якога імкнецца ў касмічную прастору. Так з’явіўся зборнік «Рэха вякоў». Сюды ўвайшлі не толькі санеты Шырмана, але і пераклады твораў Амара Хайяма, Цвятаевай, Лермантава і іншых класікаў. Вось, напрыклад, як пачынае перакладчыца вядомае ясенінскае:
Не шкадую, не заву, не плачу.
Звее ўсё, як з белых яблынь дым.
Золата звядання я растрачу
І не буду болей маладым …

Ірына ТОРБІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *