Беларусь мая сінявокая

IMG_8083 IMG_8079

А мы ідзём-ідзём …да Беларусі. У кожнага – свой шлях. «Вобразы мілыя роднага краю» ўсё жыццё натхняюць мастачку, лаўрэата прэміі імя Васіля Віткі Аксану Аракчэеву. Кожнае лета яна шмат часу праводзіць на Чашніччыне. У вёсцы Мар’іна захавалася хата бабулі. Там натхнёна і плённа многа год працаваў бацька, заслужаны дзеяч мастацтваў, кавалер ордэна Францыска Скарыны Барыс Уладзіміравіч Аракчэеў, а сёння яго справу доўжыць дачка.

Лёс сям’і вельмі цікавы. Усе тры дачкі пайшлі па слядах бацькі, стаўшы прафесіяналамі ў мастацкай справе. Найбольш вядома чашнічанам малодшая – Аксана.

Барыс Уладзіміравіч нарадзіўся ў Расіі. Дарогі вайны назаўжды злучылі з Беларуссю. Асаблівае месца ў яго сэрцы і творчасці займала Чашніччына, радзіма жонкі. Мясцовыя краявіды спрыялі нараджэнню некаторых яго твораў, нашы землякі – героі яго карцін. Апошняе асабліва тычыцца «новалукомльскага цыкла». Ён пісаў будаўніцтва новага горада і Лукомльскай ДРЭС. Майстар крыху не дажыў да свайго 90-годдзя. Родныя выканалі яго запавет – быць пахаваным на Чашніччыне. Магіла мастака знаходзіцца на гарскім могільніку, недалёка ад Чарэі.

90 мастаку споўнілася б у гэтым годзе. Аксана Уладзіміраўна прыклала шмат намаганняў, каб адзначыць бацькаў юбілей выставай. 20 мая ў памяшканні Чашніцкага гістарычнага музея адбылося яе адкрыццё. Выстава мае назву «Беларусь мая сінявокая». На вернісажы прадстаўлены творы дачкі і бацькі.

Значная для райцэнтра культурная падзея аказалася ў цэнтры ўвагі кіраўніцтва, спецыялістаў, прыхільнікаў творчасці Аракчэевых. На адкрыцці прысутнічалі намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Уладзіміраўна Дрыга, намеснік старшыні Чашніцкага райвыканкама Зінаіда Іванаўна Федарцова, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Пятроўна Авіжа, госць з Румыніі, мастацтвавед  Марыус Фларэску, жыхары райцэнтра. Выстава будзе працаваць да першага  жніўня. Вось што расказала Аксана Уладзіміраўна:

– Па ліку гэта ўжо шостая выстава да юбілею майстра. Задумка зрабіць яе з’явілася ў майго таты год дваццаць таму. Барыс Аракчэеў стаў сведкам будаўніцтва новага беларускага горада Новалукомля. Рабіў замалёўкі, эцюды на новабудоўлі, партрэты будаўнікоў-энтузіястаў. На жаль, бацька не дачакаўся 50-годдзя горада энергетыкаў. На юбілеі Новалукомля я, Аксана Аракчэева, яго дачка і захавальніца творчай спадчыны, выступіла і падарыла гэтыя творы музею. Бясцэнны скарб зараз захоўваецца ва ўстанове.

Менавіта тут здзейсніла мару свайго таты. Таму што  ўпершыню паказваем сваю мастацкую дынастыю гледачам гэтай прасторы, хацелася зрабіць цікавую экспазіцыю. У яе ўвайшлі беларускія краявіды і нацюрморты Барыса Аракчэева, творы «новалукомльскага цыкла» з фондаў гістарычнага музея. Я паказваю сваю творчасць партрэтамі 2009, 2010 гадоў. У іх ліку партрэт майго бацькі, твор «Мінскія вокны», ілюстрацыі да дзіцячых кніжак.

«Беларусь мая сінявокая» – выстава, якая цікавіць і дарослых, і дзяцей.

Ірына ТОРБІНА.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *