Сумнае свята

img_7053
Сёння Дзяды. Свята беларускага народнага календара, звязанае з памінаннем продкаў. Яны адзначаліся некалькі разоў на год, але галоўныя — Восеньскія Дзяды, якія прыходзіліся на лістапад, на час заканчэння земляробчага сезона.
Абрад «Дзяды» прайшоў у бібліятэцы Чырвонай Раніцы. Яго арганізавалі калектыў бібліятэкі сумесна з ансамблем «Верасень» раённага савета ветэранаў пры дапамозе аддзела маркетынгу цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы.
Чытальны зал ўмоўна падзелены на тры часткі: хата, святая дарога нябожчыкаў і магілкі. У цэнтры стаіць дрэва, якое сімвалізуе род. Гучыць верш І. Цітаўца «Сумнае свята» . З’яўляецца маці-гаспадыня з запаленай свечкай, якая павязвае ручнік на дрэва. Затым яна пачынае падрыхтоўку да мерапрыемства.
У цэнтры абраду — вячэра ў памяць памерлых сваякоў. Рытуал Дзядоў у найбольш архаічнай форме захаваўся толькі ў беларусаў.
Напярэдадні мылася падлога, шараваліся лавы, стол засцілаўся чыстым абрусам. У гэты дзень на пачастунак запрашалі гасцей (сваякоў, суседзяў ці нават жабракоў). Перад тым, як сесці вячэраць, гаспадыня тры разы абышла са свечкай стол, адчыніла вокны і дзверы і клікала па імёнах продкаў.
На стол ставілі розную колькасць страў, а ў некаторых вёсках дазвалялася з’есці толькі тры стравы і выпіць тры чаркі. У час вячэры гаварылі пра продкаў, прыгадвалі іх учынкі, парады.
Таксама на Дзяды наведвалі могілкі, абкладвалі магілы дзірваном, каменнямі, ставілі крыжы. Часта ў гонар кожнага запальвалі асобнае вогнішча.
Пад час мерапрыемства выконваліся абрадавыя песні, танцы. Спецыяльна для абраду Валянціна Гарбачова напісала верш «Змітраўскія дзяды», які і прачытала для ўсіх прысутных.
Завяршыўся абрад вячэрай, пад час якой успаміналіся продкі, іх учынкі. Пасля яе гаспадыня казала: «Святыя Дзяды, вы сюды прыляцелі, пілі, елі, ляціце ж цяпер да сябе!».

Наталля СТУКАЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *