Незвычайная «SPRAVA»

Вёска Белая Царква мае багатую гісторыю. Сюды да Свята-Троіцкай царквы яшчэ са старадаўніх часоў ішлі вандроўнікі з усяго свету. Помнік архітэктуры ранняга барока і зараз прадстаўляе сабой культурна-гістарычную каштоўнасць. Вернікі і навукоўцы кожны год прыязджаюць да храма. Непаўторныя краявіды Белай Царквы кранаюць душу. Імі хочацца любавацца бясконца. Мястэчка вабіць гасцей з усёй Беларусі, многія з якіх застаюцца тут назаўжды…
Мацвей Сабураў — адзін з такіх. Сталічны жыхар пасяліўся ў вёсцы некалькі год таму. Крыху пазней яго сябры і знаёмыя таксама сюды пераехалі. Зараз у Белай Царкве жыве суполка інтэлігенцыі, якая імкнецца адрадзіць мясцовасць, прыцягнуць да яе ўвагу падарожнікаў і зрабіць «месцам сілы» для творчых асоб. Якім чынам? Плануюць з часам правесці тут міжнародны фестываль, які аб’яднае архітэктараў, мастакоў, рамеснікаў і музыкантаў. «SPRAVA» — такую сімвалічную назву далі арганізатары маючай адбыцца падзеі.
Каманда аднадумцаў увогуле ставіць перад сабой амбіцыйныя задачы: за некалькі гадоў стварыць у рэгіёне новыя музейныя пляцоўкі і экспазіцыі пад адкрытым небам, адукацыйныя міні-цэнтры і творчыя рэзідэнцыі, якія стануць «кропкай прыцягнення» для замежных турыстаў і для саміх беларусаў.
— Мы ўпэўнены, што гэты праект дапаможа стварыць у Чарэі і Белай Царкве лакальную супольнасць мясцовых жыхароў і гасцей, гатовых актыўна ўключацца ў актуальныя формы сучаснага мастацтва, культурныя і адукацыйныя праекты, сумесна шукаць і рэалізоўваць бізнес-ідэі. Акрамя таго, мы шчыра спадзяёмся задаволіць цікавасць да ўнутранага турызму. Зараз ва ўсім свеце расце запыт на адпачынак удалечыні ад паўсядзённага гарадскога жыцця. Мы вельмі любім гэты куток і не будзем парушаць яго прыроднай гармоніі, а дапоўнім яе, у тым ліку —гукам і архітэктурай, — распавядае адзін з арганізатараў фестывалю Мацвей Сабураў.
Плануецца, што «SPRAVA» будзе праходзіць на паўвостраве Чарэйскага возера побач са Свята-Троіцкай царквой. Тут пабудуюць сцэну-канструктар, якую спраектуе група беларускіх архітэктараў. На падставе праекта нямецкія сталяры, якіх менавіта для гэтай мэты запрасілі ў Беларусь, узвядуць сам аб’ект. Цікава, што пляцоўка для культурных мерапрыемстваў будзе створана ў стылі лэнд-арт. Адна з плыняў экалагічнага мастацтва, асноўны прынцып якой — выкарыстанне ў якасці галоўных архітэктурных аб’ектаў натуральных ландшафтаў і гарманічнае дапаўненне іх аўтарскімі дэталямі. Асаблівасць стылю – самабытнасць, нестандартнае самавыяўленне. У Белай Царкве з’явіцца драўляная сцэна, якая не будзе мець падмурка.
У дні мерапрыемства будуць працаваць сталярныя майстэрні, дзе адбудуцца майстар-класы для дзяцей школ раёна. Пройдуць канцэрт і вечарына з удзелам беларускіх музыкаў — этна-трыа «Троіца», групы «Port Mone», хору «Slutaris».
Пагадзіцеся, даволі смелы праект. Але, калі знаёмішся з камандай, якая працуе над фестывалем, ідэі ўжо не падаюцца такімі фантастычнымі.
Разумееш, што такія людзі змогуць ажыццявіць задуманае.
Кацярына Аверкава — беларускі рэжысёр, актрыса, музыкант. Паставіла больш за 20 спектакляў у Беларусі, Швейцарыі, Германіі. З’яўлялася арганізатарам міжнароднага маладзёжнага тэатральнага фестывалю «Март-кантакт», які і сення вельмі папулярны ў нашай краіне.
Сяргей Краўчанка — архітэктар, музыкант інструментальнага трыа «Port Mone», вядомага ў Беларусі і Еўропе дзякуючы таму, што яго ўдзельнікі выконваюць мінімалістычную сучасную музыку з адгалоскамі самых розных традыцый і жанраў. Таксама Сяргей неблагі журналіст, удзельнік экалагічнага праекта «Whisper» («Шэпт»), закліканага прыцягнуць увагу да развіцця аднаўляльнай энергетыкі ў Беларусі.
Зоя Навакшонава — праектны мене-джар. Скончыла магістратуру Манчэстарскага ўніверсітэта. Намеснік дырэктара буйнейшай культурна-адукацыйнай прасторы «ЦЭХ», на базе якой у Мінску ладзяцца выставы, дыскусіі і мерапрыемствы грамадзянскай супольнасці.
PR-менеджар фестывалю — Аліна Крушынская. Магістр сацыялогіі па спецыяльнасці гендэрныя даследаванні. Журналістка, фатограф. Рэдактар анлайн-часопіса аб падарожжах 34travel.me.
Мацвей Сабураў — рэжысёр, кліпмейкер, кампазітар, музыкант. Сааўтар і рэжысёр юмарыстычных праектаў «Саша і Сірожа, «Жаўтуха», відэакліпаў для папулярных беларускіх гуртоў «Ляпіс Трубяцкі», «Без білета», «Крамбамбуля», «Biplan» і іншых. А таксама цыкла тэлеві-зійных праграм «Назад у будучыню», канцэртных відэа і сцэна-графіі для гуртоў «Крамбамбуля», «J:Mopc», «Лявон Вольскі».
Мацвей — наш зямляк. Нарадзіўся і вырас у Новалукомлі. З дзяцінства цікавіўся літаратурай, фізікай, хіміяй, удзельнічаў у тэатральных пастаноўках, спрабаваў пісаць музыку.
Вырашыў пасля заканчэння школы звязаць будучую прафесію з прыкладной фізікай і матэматыкай. Але ўжо на першым курсе Беларускай дзяржаўнай палітэхнічнай акадэміі зразумеў, што памыліўся. Таленавітага музыку запрасілі ў мінскі гурт «Плато», які выконваў акустычную музыку, заснаваную на этнічных традыцыях розных краін свету. Восенню 1999 года беларускія музыкі распачалі сумесны праект з лідэрам вядомай рок-групы «Наўтыліус-Пампіліус» Вячаславам Бутусавым. З гастролямі пабывалі ў Расіі, Украіне, Ірландыі, ЗША. Свет пабачылі тры арыгінальныя альбомы калектыву.
Пасля распаду гурта Мацвей пачаў займацца відэарэжысурай для беларускіх артыстаў. Зараз піша музыку для спектакляў жонкі Кацярыны Аверкавай. Іх творчы сямейны тандэм ужо даволі вядомы ў Беларусі і Еўропе. Адна з апошніх сумесных пастановак Кацярыны і Мацвея — «Тройчы кароль» — пабачыла сцэну Франкфурцкага опернага і драматычнага тэатра.
На пытанне, што падштурхнула сталічнага жыхара пакінуць мегаполіс і перабрацца ў вёску, наш зямляк адказаў, што тут ён знаходзіць дадатковую рэальнасць для творчасці. Можа цалкам пагрузіцца і растварыцца ў атмасферы цішыні і спакою, што сярод бетону і асфальту зрабіць немагчыма…

2 thoughts on “Незвычайная «SPRAVA»

  • 27.07.2017 в 09:55
    Permalink

    Вельми цикава, ябавяскова буду

    Ответ
  • 27.07.2017 в 10:01
    Permalink

    Вельми цикава, ябавяскова буду

    Ответ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *