Люблю свой край, старонку гэту…

Нягледзячы на тое, што дзень 2 жніўня ў календары не пазначаны чырвоным колерам, на Паркавай у Кругліцы ўсё гаварыла пра свята.
На ўсю вёску гучала музыка, да СДК ішлі і ішлі людзі рознага ўзросту. Людзі, для якіх гэта вуліца стала роднай, у добраўпарадкаванне і ўтульнасць якой яны ўнеслі свой уклад. Збіраліся на мерапрыемства, прысвечанае роднаму і дарагому сэрцу кутку для 93 сяльчан. Менавіта столькі жыхароў насяляюць Паркавую. Яе можна назваць галоўнай у вёсцы, бо тут знаходзяцца амаль усе сацыяльна значныя аб’екты — СДК, бібліятэка, ФАП, сельвыканкам, аддзяленне сувязі, кацельня, адміністрацыйны будынак былога дзіцячага сада.
Забягаючы наперад, адзначым, што свята атрымалася не толькі змястоўным і цікавым, але шчырым і цёплым. Здавалася, што ў зале сядзіць адна вялікая і дружная сям’я.
Як вядзецца, гасцей сустракалі добрай песняй. А першае слова для віншавання — старшыні Кругліцкага сельвыканкама А. К. Карпеку. Аляксандр Канстанцінавіч падзякаваў землякам за сумленную працу, неабыякавасць да лёсу роднага краю, пажадаў усім моцнага здароўя і здзяйснення запланаванага, каб жыла вёска, прырастала маладымі сем’ямі, напаўнялася смехам дзетвары, каб кіпела праца на хлебнай ніве, ферме, не пусцелі школьныя класы.


Пасля віноўнікам свята віншаванні і пажаданні адрасавалі творчыя калектывы Кругліцкага СДК. Іх расказ пра жыхароў і песні, услаўляючыя зямельку-карміцельку, родны край, людзей працы, лепшыя чалавечыя пачуцці, удала дапаўнялі адзін аднаго. Многія з іх зала з задавальненнем падхоплівала і спявала разам з артыстамі. Шмат добрых слоў у арганізатараў мерапрыемства знайшлося для прадстаўнікоў самых розных прафесій, якія жывуць на Паркавай. А іх нямала. І першымі, да каго звярнуліся, — настаўнікі. Бо пачатак шляху ў самастойнае жыццё — ад школьнага парога. Адзначылі таксама вучняў старанных і актыўных.
Прыемна было чуць шчырыя водгукі і падзяку за руплівасць і плён на працоўных месцах жывёлаводам, механізатарам, лабаранту, дыспетчару.
Пажаданні стабільнасці, поспехаў, задавальнення ад працы гучалі ў адрас спецыялістаў мясцовага ААТ «Чашніцкі аграсэрвіс».
Імёны, імёны… Імёны тых, хто сваёй працай прыносіць карысць людзям. Удзячнасць — медработніку, паштальёнам, бібліятэкарам, леснікам, паварам, работнікам жкг, школы. Без увагі ніхто не застаўся.
Жыццё не стаіць на месцы. Наша будучае — дзеці. Калі яны нараджаюцца ў сельскай мясцовасці, значыць, не знікне вёска. Таму арганізатары мерапрыемства не прамінулі самага маленькага жыхара Паркавай — Уладзіслава Мікалайчанку. Жадалі хлопчыку і яго маме, Алесі Аляксандраўне, моцнага здароўя, шчасця і пражыць ніяк не менш, чым самая старэйшая сяльчанка, 91-гадовая Вольга Каваленка. Добрыя словы былі адрасаваныя і людзям, якія па розных прычынах страцілі здароўе.
Даць жыццё — менавіта жанчыне адвяла прырода такую адказную місію. Таму ні ў якім разе нельга было абысці ўвагай шматдзетных мам. Ім — пашана і асаблівая павага.
Напрыканцы адзначылі лепшых гаспадароў, чые двары ўпрыгожваюць вуліцу Паркавую — гэта Мікалай Шафранскі, Надзея Лузгіна, Таццяна Івашэнь, Ася Млявая, Мікалай Агарак.
На развітанне зноў жа гучалі добрыя пажаданні сяльчанам. А тыя ў сваю чаргу дзякавалі за свята і казалі, каб такія вось мерапрыемствы сталі традыцыйнымі.

Тамара ЯЗЁНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *