Слава рукам хлебароба

Дэлегацыя Чашніцкага раёна на «Дажынках-2017» у Дуброўне.

У мінулую суботу шматлікіх гасцей і ўдзельнікаў абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2017» сустракала Дуброўна. Вялікае святочнае мерапрыемства падводзіла вынікі работы на хлебнай ніве, стала зручным момантам, каб ушанаваць тых, хто шчыраваў дзеля нашага дабрабыту, хто няпростым сельскагаспадарчым годам дабіўся найлепшых вынікаў у працы.

Сярод удзельнікаў «Дажынак-2017» — і нашы землякі — афіцыйная дэлегацыя раёна, прадстаўнікі культуры і адукацыі, гандлю і іншыя.

Яшчэ задоўга да пачатку афіцыйных мерапрыемстваў на адной з пляцовак у самым цэнтры горада нельга было не заўважыць вялікую колькасць снапоў з розных рэгіёнаў Віцебшчыны. Свой дажыначны сноп — гэты своеасаблівы сімвал «Дажынак» — прадставіла і Чашніччына ў рамках аднайменнага праекта, падрыхтавалі яго работнікі культуры.

     З непрыхаванай зацікаўленасцю падоўгу затрымліваліся і дарослыя, і дзеці на пляцоўках, дзе прэзентавалі сваю дзейнасць Чашніцкі Дом рамёстваў і  Чашніцкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі. Прадэманстраваць нашым і прызнаным майстрам, і настаўнікам і іх выхаванцам  было што: вышыванкі і выцінанкі, вырабы з саломы, дрэва і гліняныя, цацка мяккая…

     Годна сярод іншых глядзеўся на выставе караваяў раёнаў вобласці выраблены на Новалукомльскім хлебазаводзе. Дый сярод іншых гледачы ці маглі не выдзеліць яго, аздоблены з нацыянальным каларытам, з надпісам «Новалукомль: з хлебам і дабром».  

Дажыначны сноп з Чашніччыны.

     …Святочнае шэсце па галоўнай вуліцы горада  пакінула яркія, незабыўныя ўражанні. Выступленне ансамбля барабаншчыц і духавога аркестра Чашніцкай ДШМ, вялікая колькасць людзей з безліччу рознакаляровых сцяжкоў і шароў, транспарантаў, дагледжаныя з густам пабудовы, святочны настрой жыхароў і гасцей — усё гэта ўздымала настрой, стварала атмасферу свята.

Каравай Чашніччыны.

     Урачыстае адкрыццё абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2017» адбылося на цэнтральнай плошчы Дуброўна. Удзельнікаў мерапрыемстваў вітаў старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта М. М. Шарснёў. Мікалай Мікалаевіч шчырыя словы ўдзячнасці адрасаваў працаўнікам вёскі, работнікам прамысловасці, перапрацоўчых, транспартных, аграсервісных арганізацый, устаноў гарадоў, усім, хто дапамагаў сельгасарганізацыям. Валавы збор зерня ў тысячу тон — вынік напружанай працы.  

На выставе-прэзентацыі Чашніцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

    Пад апладысменты залы праходзіла цырымонія ўручэння прэмій пераможцам спаборніцтваў. Ці не гэта і стала кульмінацыяй святочных мерапрыемстваў.  Некалькі асабліва хвалюючых хвілін перажылі і мы, прадстаўнікі Чашніцкага раёна, калі на сцэну паднімаўся дырэктар ААТ «Іванскі-Агра» І. А. Мароз. З рук старшыні Віцебскага аблвыканкама М. М. Шарснёва Ігар Аляксандравіч атрымаў за асабісты ўклад у правядзенне ўсіх тэхналагічных  цыклаў па вытворчасці сельгаспрадукцыі падарачны сертыфікат на трактар «Беларус 82.1».  

   У фестывалі-кірмашы прынялі ўдзел старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанка, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Л. В. Анфімаў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў У. У. Цярэнцьеў, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці А. М. Субоцін, іншыя афіцыйныя асобы, госці з расійскіх рэгіёнаў. 

Дырэктар ААТ «Іванскі-Агра» І. А. Мароз з рук старшыні Віцебскага аблвыканкама М. М. Шарснёва атрымлівае падарачны сертыфікат на Беларус 82.1.

Нашым рамеснікам было што паказаць.

Незабыўныя ўражанні пакінулі выступленні творчых калектываў прыдзвінскага краю.

   Міхаіл Дзеравяга.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *