На сцэне Палаца культуры г. Новалукомля адбыўся паказ спектакля «Не пакідай мяне…»


Сапраўдны падарунак атрымалі аматары тэатра ў апошні дзень кастрычніка. На сцэне Палаца культуры г. Новалукомля адбыўся паказ спектакля «Не пакідай мяне…» вядомага драматурга А. Дударава ў пастаноўцы рэжысёра Валерыя Анісенкі. Прэм’ера адбылася ў маі 2015 года і прысвячалася 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
«Я iду, ты iдзеш, а ён не iдзе, ён мёртвы…
Я пяю, ты пяеш, маўчыць кожны чацвёрты… »
Невыпадкова менавіта гэтыя радкі з «Рэквіема па кожным чацвёртым » Анатоля Вярцінскага ўзгадала вядучая і загадчык трупы тэатра Святлана Дашкевіч ва ўступным слове, звяртаючыся да гледачоў. Спектакль, з якім прыехаў Віцебскі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Я. Коласа, » Не пакідай мяне…» па аднайменнай п’есе нашага земляка Аляксея Дударава закранае тэму вайны і жаночай долі ў той няпросты час.

Цяперашняе пакаленне ведае пра тыя жудасныя гады выпрабаванняў толькі па кнігах ды фільмах, расказах, але ўсведамляе і разумее боль і адчай, якія прыйшлося перажыць старэйшым пакаленням.
Драматычная балада аб вайне і пра каханне… З першых хвілін нагадаліся » А зоры тут ціхія…» Барыса Васільева, дзе таксама ўчарашнія школьніцы супрацьстаялі ворагу. Але гэта — зусім іншая гісторыя, таксама заснаваная на рэальных фактах. А яшчэ яна аб тым, што не месца дзяўчатам у пекле вайны. Яны павінны кахаць, марыць, спяваць, танцаваць, проста жыць…
Гвардыі капітану Міхасёву даручана падрыхтаваць дзяўчат-разведчыц да адказнай аперацыі па знішчэнні найважнейшага вузла сувязі ворага. Падзеі разгортваюцца на Віцебшчыне ў 1944 годзе напярэдадні вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У кожнага чалавека свой лёс, сваё мінулае.
Актрысы тэатра Ірына Цішкевіч (роля Веранікі Крэміс), Ульяна Ацясава (Зіны Бацян), Святлана Сухадолава (Алі Ладысевай), Юлія Крашэўская (Ядзвігі Гурскай) змаглі перадаць характары і перажыванні сваіх гераінь, як і выканаўцы мужчынскіх роляў — Яўген Бераснеў (у ролі капітана Міхасева), Вячаслаў Грушоў (палкоўніка). А цудоўнае выкананне кранальнай кампазіцыі «Не пакідай мяне…» не пакінула абыякавым у зале нікога.
Трапныя выразы, гумар, трагічныя моманты ваеннага жыцця на працягу ўсяго спектакля трымалі ў палоне.
Драматычны фінал, стрыманы аўтарскі голас, адпаведная мелодыя — і слёзы на вачах у гледачоў… Кранальна… Апладысменты не сціхаюць на працягу некалькіх хвілін — высокая адзнака майстэрству. Дзякуй!

Наталія ШЫРКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *