Запрашае «SPRAVA»

У жніўні мінулага года ў вёсках Белая Царква і Чарэя прайшоў фестываль «SPRAVA», які аб’яднаў архітэктараў, рамеснікаў, гісторыкаў, мастакоў, музыкантаў для збудавання невялікіх архітэктурных аб’ектаў вакол Чарэйскага возера. Група нямецкіх столяраў і валанцёраў за дні правядзення фэста ўзвяла лаканічную сцэну без падмурка.
На некалькі дзён паўвостраў ператварыўся ў музычную і творчую пляцоўку. У праграме фестывалю былі розныя майстар-класы і квэсты, экскурсійныя туры і многія іншыя цікавыя мерапрыемствы. А на збудаванай сцэне адбыліся канцэрты вядомых беларускіх гуртоў.
Арганізатары культурнай падзеі, нашы землякі Кацярына Аверкава і Мацвей Сабураў, лічаць, што першы фэст паказаў: Белая Царква з’яўляецца месцам творчай сілы не толькі для жыхароў вёскі. Многія людзі хацелі ўкласці ў гэтую прастору свае натхненне і веды. Таму творчая пара вырашыла ў гэтым годзе зноў запрасіць гасцей на паўвостраў Чарэйскага возера.
Другі фестываль «SPRAVA» будзе праходзіць на той жа пляцоўцы, што і ў мінулым годзе. Дэвіз мерапрыемства — фестываль месца. Гэта азначае, што любы жадаючы можа стаць не толькі гледачом, але і актыўным удзельнікам — разам са столярамі з Беларусі і Германіі ўзвесці драўляныя аб’екты вакол Чарэйскага возера. Як і ў мінулым годзе, госці фестывалю змогуць вырабіць сваімі рукамі зэдлік, столік і інш.
Галоўнай будаўнічай падзеяй «SPRAVA» у гэтым годзе стане ўстаноўка незвычайнага пляжу, да якога будзе прышвартавана пабудаваная падчас майскай міжнароднай школы архітэктуры SESAM 2018 Ex Nihilo плывучая платформа Platformix. На ёй і адбудуцца выступленні класічных музычных калектываў. Акрамя таго, беларускія мастакі ўзвядуць некалькі малых лендарт-аб’ектаў у дубовым гаі паўвострава.
На маляўнічым паўвостраве, каля руін храма ХVI стагоддзя, выступіць больш 10 гуртоў, некалькі класічных аркестраў і тэатраў. Хэдлайнерамі мерапрыемства стануць беларускае этна-трыа «Троіца» і беларуска-польскі этна-джаз-квінтэт «Ulyanica».
Для дзяцей і дарослых удзельнікі праекта «Дыяфільм live» прапануе паказ дыяфільмаў, агучаных акцёрамі і музыкамі. Сталічны тэатр «Картонка» Святланы Бень пакажа новы спектакль, выкананы ў лепшых традыцыях папяровага настольнага тэатра. Знакаміты беларускі фатограф Максім Шумілін правядзе пленэр па плёнкавай фатаграфіі. Акрамя таго, у праграме фестывалю майстар-класы ад сталічнага адукацыйна-рукадзельнага праекта «Торба Шоу», аб’яднання мылавараў Беларусі «Мыльны Фальварак», арт-студыі танца і пласцікі «PLASTILIN» і многае іншае.
Падчас краязнаўчай экскурсіі наведвальнікі фестывалю змогуць пазнаёміцца з гісторыяй земляў, што калісьці належалі Сапегам і Мілашам. Аматары прыроды на прагулцы па экасцежцы даведаюцца пра асаблівасці мясцовай флоры і фаўны.
На палявой кухні можна будзе пакаштаваць здаровую і смачную ежу ад прафесійных кухараў. І, вядома, на фудкорце не абыдзецца без любімых французскіх слімакоў і брыёшаў ад француз-скага шэф-кухара Барыса Буаняра.
Жадаючыя змогуць жыць у палатачным лагеры на фестывальным паўвостраве. Палаткі, посцілкі і спальныя мяшкі прадастаўляюцца напракат. Заезд будзе ажыццяўляцца па квітках.
Больш падрабязная інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце фестывалю www.spravafestival.by.

Варвара ЮРКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *