На працягу многіх і многіх гадоў напрыканцы першага тыдня новага года ладзілася ў гарадах і мястэчках Беларусі свята Каляды. Валачобнікі, а таксама пераапранутыя ў розных жывёл, герояў народнага фальклору сяляне з песнямі, танцамі, варажбой і прыпеўкамі заходзілі ў кожны дом, віншавалі з надыходзячым святам Нараджэння Хрыстова, пелі, загадвалі розныя загадкі, жадалі дабрабыту, усяго найлепшага, а ўзамен ад гаспадароў – так званы “пачастунак” – штосьці смачнае з яды: каўбасы, сала, хлеб, бліны.

Звязаны звычай калядаваць яшчэ з язычніцкімі абрадамі. Пачынаюць святкаваць Каляды напярэдадні праваслаўнага свята Нараджэння Хрыстова, а працягваецца ўсё аж да Вадохрышча, 19 студзеня. Менавіта ў гэтыя дні маладыя варажылі на будучы лёс, асабліва дзяўчаты. Шмат павер’яў звязана з гэтым.
Хрысціяне прытрымліваюцца іншага погляду на калядныя звычаі, але ў багатай і насычанай гісторыі народнага календара свята Каляды займае асобае месца.

Як калядавалі нашы продкі, якія звычаі былі ў беларускіх вёсках шмат гадоў таму, і нагадалі ўсім тыя, хто завітаў у калядны вечар на галоўную плошчу Чашнік на святочнае прадстаўленне “Калядкі – вясёлыя святкі!”.
Дзіцячы фальклорны калектыў “Вербачка” гарад-скога Дома культуры прапанаваў гледачам абрад “Гэй, Каляда!”, а ўдзельнікі народнага клуба “Ветэран” завіталі да гаспадароў з песнямі, прыпеўкамі і пажаданнямі дабрабыту. Не абышлося без Казы, Мядзведзя, Цыганкі, Цыгана, Бабы-Ягі і іншых герояў.
На сцэне самадзейныя артысты стваралі самы што ні на ёсць чарадзейны цуд. Тэатралізаванае прадстаўленне ладзілі і дзеці, і дарослыя, атрымалася яно захапляючым і цікавым. Як заўсёды, народны тэатр мініяцюр “Каласок” гарадскога Дома культуры дарыў гледачам незабыўныя эмоцыі, а арганізаваныя гульні і конкурсы павесялілі ўсіх прысутных.

Музычныя нумары ў выкананні народнага ансамбля народнай песні “Ульчанка” ГДК, вакальных груп “Рябинушка” (ГДК), “Девчата” (ГДК мікрараёна папяровай фабрыкі) не давалі сумаваць нікому. Ногі самі прасіліся ў скокі, ды і вечар выдаўся сапраўды зімовы – гурбы снегу, лёгкі марозік, прыгажуня-елка – усё стварала святочны настрой. Быў арганізаваны гандаль.
Завяршылася мерапрыемства дыскатэкай.
Наталія ШЫРКО.