Гонар зямлі нашай

У мінулую пятніцу ў канцэртнай зале «Віцебск» у абласным цэнтры прайшлі ўрачыстая цырымонія і святочны канцэрт, прысвечаныя ўшанаванню лаўрэатаў ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны-2018» і 100-годдзю ўтварэння БССР.
Па традыцыі ўдзельнікаў мерапрыемства шчыра вітаў старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта М. М. Шарснёў. Мікалай Мікалаевіч адзначыў, што абласны цэнтр гасцінна сустракае залаты фонд Віцебшчыны, прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці, прафесій і рангаў. Гэта даніна прызнання тым, хто працоўнымі дасягненнямі, асабістымі якасцямі заслужыў павагу ў сваім калектыве, грамадстве.
Цырымонія ўшанавання лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны-2018» у рамках святкавання 100-годдзя ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі не выпадковая. Ва ўсе гістарычныя эпохі чэсная добрасумленная праца, упартасць, майстэрства, талент фарміравалі аўтарытэт чалавека працы. Ён быў і застаецца асновай зямлі як у перыяд станаўлення рэспублікі, так і сёння.
1 студзеня 1919 года лічыцца датай абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, фарміраванне дзяржаўнасці праходзіла ў складаных умовах. Але ўзводзіліся аб’екты саюзнага значэння, свой індэкатар развіцця атрымалі іншыя сферы. Аб’яднанне ў 1939 годзе Заходняй Беларусі і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі дало магчымасць развівацца ў межах адной дзяржавы. Курс на пад’ём сацыяльна-эканамічнага развіцця перарвала Вялікая Айчынная вайна, 1418 дзён і начэй Віцебшчына аказвала супраціўленне агрэсару. Па крупінках у пасляваенныя гады ўзнаўлялася тое, што разбурыла вайна. Бясцэнны ўклад у адраджэнне Беларусі адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, які вобласць атрымала 8 лютага 1967 года.
З прыняццем 15 сакавіка 1994 года Вярхоўным Саветам новай Канстытуцыі Беларусь абвяшчалася ўнітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай.
Краіна дынамічна развіваецца, актыўна прадстаўляе свае інтарэсы на міжнароднай арэне, эфектыўна ўзаемадзейнічае ў свеце.
Віцебшчына і сёння працягвае ўносіць значны ўклад у летапіс спраў і дасягненняў дзяржавы. Вядзецца рэканструкцыя і тэхналагічнае перааснашчэнне прадпрыемстваў, асвойваюцца новыя віды прадукцыі, укараняюцца сучасныя тэхналогіі. Узрастае інвестыцыйная прывабнасць рэгіёна. У гэтым годзе на развіццё эканомікі вобласці плануецца накіраваць 2 мільярды 200 мільёнаў рублёў.
З моманту заснавання ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны» яго ўдастоена тысяча нашых землякоў. Гэта знак высокай ацэнкі заслуг чалавека-стваральніка, адданага сваёй справе. Лаўрэаты — прыклад таго, наколькі значныя рэзервы для нашага развіцця.
М. М. Шарснёў шчыра павіншаваў лаўрэатаў з заслужаным прызнаннем, падзякаваў за добрасумленную, самаадданую працу, за ініцыятыву, наватарства, пажадаў здароўя, дабрабыту, плённай працы на карысць дзяржаве.
І вось ён, кульмінацыйны момант. На сцэну адзін за другім паднімаюцца лепшыя прадстаўнікі Прыдзвінскага краю, якім у адпаведнасці з рашэннем Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны», каб з рук старшыні аблвыканкама атрымаць Дыплом абласнога выканаўчага камітэта, ганаровы знак і грашовую прэмію.
Некалькі асабліва хвалюючых момантаў перажылі і мы, прадстаўнікі Чашніччыны. Сярод узнагароджаных — і наш зямляк, дырэктар прадпрыемства «Прамкамплектцэнтр» Георгій Васільевіч Савіцкі.
А потым па даручэнні старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіла Уладзіміравіча Мясніковіча і старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Валянціны Іванаўны Мацвіенка памятную медаль за ўмацаванне садружнасці рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і Віцебскай вобласці старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў У. У. Цярэнцьеў уручыў старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта М. М. Шарснёву.
Добрым падарункам усім удзельнікам мерапрыемства стаў святочны канцэрт.
Ва ўрачыстасцях прыняў удзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці В. М. Вовк.
ДАВЕДАЧНА
Прадпрыемства «Прамкамплектцэнтр» — адзінае ў рэспубліцы, якое выпускае мабільныя сцэнічныя комплексы і канструкцыі для правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў. Пастаўляе прадукцыю на экспарт у Расійскую Федэрацыю. У 2018 годзе рост аб’ёмаў вытворчасці склаў 159 працэнтаў, чысты прыбытак — 374 тысячы рублёў, амаль удвая вырасла зарплата, сярэднеспісачная колькасць работнікаў павялічылася на пяць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *