Млынаране з Новалукомля

Спалучэнне культурнага і прыроднага, цудадзейнае ператварэнне з дапамогай стыхій, што тоіцца ў слове «млын», абумоўліваюць яго выбар у якасці прататыпа мастацкіх вобразаў. Нездарма члены народнага аматарскага  аб’яднання паэтаў Новалукомля называюць сябе «млынаране», падкрэсліваючы тым самым самабытнасць сваёй творчасці.
Зараз яны рыхтуюцца да свята: у сакавіку «Млыну» спаўняецца
дзесяць гадоў.
«Млын» быў створаны пры Новалукомльскай гарадской бібліятэцы ў 2009 годзе. Дзень нараджэння аб’яднання — 24 сакавіка. Гэта дата першай сустрэчы паэтаў-аматараў, на якую прыйшлі каля дзесяці чалавек. Сёння членамі «Млына» з’яўляюцца больш за дваццаць новалукамчан. Усе яны пад цёплым «крылом» Наталлі Васілевіч. Сюды гасцінна адчынены дзверы і для тых, хто піша, і для тых, хто любіць паэзію. Тут бываюць людзі розных узростаў.
Новалукомльскія паэты — энергетыкі, эканамісты, фармацэўты, будаўнікі, ратаўнікі, работнікі гандлю, падатковай інспекцыі… Прадстаўнікі, на першы погляд, не творчых прафесій, якія на працягу жыцця самааддана служаць яе вялікасці Музе.
Настольнымі кнігамі кіраўніка аб’яднання Н. А. Васілевіч з юнацтва былі зборнікі вершаў С. Ясеніна, В. Тушнова, Ю. Друнінай.
— Матуля ўспамінала, што, калі насіла мяне пад сэрцам, кожны дзень чытала ўслых вершы. Атрымліваецца, што пазнаёмілася з паэзіяй я яшчэ да нараджэння, — распавядае з усмешкай Наталля.


Добра памятае той дзень, калі ў Новалукомльскую гарадскую бібліятэку, дзе яна працавала загадчыцай, на дзень адчыненых дзвярэй завіталі прыхільнікі паэтычнага слова.
Мерапрыемства прайшло ў цёплай, сяброўскай атмасферы. Нібы сабраліся старыя знаёмыя. Захопленым агульнай справай было аб чым пагаварыць. Развітваючыся, абяцалі сустрэцца зноў. Перыядычна прыходзілі ў бібліятэку, чыталі свае вершы, абмяркоўвалі. З часам у Наталлі Аляксееўны нарадзілася ідэя аб’яднаць паэтаў-аматараў у калектыў.
— Канечне, перш чым вучыць астатніх, прыйшлося самой добра папрацаваць. Мне не хапала ведаў, практыкі. Я пачала з вывучэнення гісторыі вершаскладання. Брала анлайн-урокі, абменьвалася вопытам з калегамі, кіраўнікамі паэтычных аб’яднанняў з другіх рэгіёнаў. І пакрыху наш «млын творчасці» пачаў працаваць, — успамінае Наталля Аляксееўна.
Першымі з тых, хто завітаў дзесяць гадоў таму ў бібліятэку і па сёння застаецца верным «Млыну», — Віктар Жураўлёў, Ганна Шнітко, Алена Губарава, Дзіна Марка, Наталля Дайлідзёнак, Ніна Скачко, Вольга Хапкова, Аляксандр Кацура, Ала Кляшчонак. Крыху пазней да аб’яднання далучыліся Надзея Агарак, Зінаіда Дзмітрыева, у 2014-м — лепяльчанін Мікалай Яршоў. Нядаўна рады аб’яднання папоўнілі Таццяна Мядзведская, Васіль Хацкевіч.
Першы зборнік вершаў паэтаў горада энергетыкаў «Музыка души» пабачыў свет у 2010 годзе. Праз год выйшла яшчэ адна кніга «Вслед за мечтой», яшчэ праз тры — зборнік «Параллели». У 2014-м былі надрукаваны «Автографы Родины», у 2015-м — «Семидесятая весна». У актыве аб’яднання таксама 19 аўтарскіх кніг. Дарэчы, пяру Наталлі Васілевіч належаць тры паэтычных зборнікі («Наедине со всеми», «Ангел пел», «Грани цвета») і раман-дылогія («День роз», «Морфология судьбы»).
Кнігі літаратараў-аматараў знаходзяцца не толькі ў бібліятэчным фондзе Чашніччыны. Іх можна знайсці ў Віцебскай абласной і Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Новалукомльскія паэты за дзесяць гадоў наладзілі жорны свайго «Млына». Вершы нашых землякоў гучаць у розных кутках Беларусі. Іх паэзіяй захапляюцца і ў самой сталіцы.
Творчыя асобы з Новалукомля неаднаразова прымалі ўдзел у абласным конкурсе самадзейных паэтаў і кампазітараў «Песні сунічных бароў». У 2012 годзе Наталля Васілевіч, Віктар Жураўлёў, Дзіна Марка, Ганна Шнітко былі дыпламантамі гэтага творчага спаборніцтва, а праз два гады Наталля Васілевіч стала лаўрэатам III ступені. Такое ж званне ёй і Дзіне Марка было прысуджана ў 2013-м на Міжнародным праваслаўным фестывалі «Одигитрия». Наталля Аляксееўна ў гэтым жа годзе перамагла ў конкурсе «Поэзия любви», які праходзіў пад эгідай расійска-беларускага часопіса «Для всей семьи Любимая». Трэба адзначыць, што скарбонка ўзнагарод нядаўна папоўнілася яшчэ адной. Яе «Млыну» прынёс паэт, які нядаўна далучыўся да аб’яднання. Васіль Хацкевіч на конкурсе чытальнікаў, што ў сярэдзіне лютага праходзіў у рамках першага гарадскога праваслаўнага фестывалю «Сретение», быў узнагароджнаны спецыяльным прызам журы.
Новалукамчане даволі часта ездзяць у госці і самі прымаюць гасцей. Цесную сувязь падтрымліваюць з паэтычнымі аб’яднаннямі Лепеля, Талочына, Віцебска, Мінска.
Запомнілася землякам сустрэча з мінчанамі, прадстаўнікамі народнага клуба «Натхненне», якім кіруе член Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольга Сакалова. Сталічныя паэты далі высокую адзнаку вершам «млынаран». Трэба адзначыць, што творы Наталлі Васілевіч, Наталлі Дайлідзёнак, Ганны Шнітко гучалі на радыё: аўтары выступалі на нацыянальным радыёканале «Культура».
У 2015 годзе прадстаўнікі аматарскага калектыву здалі творчы экзамен на званне «Народны». А ў верасні мінулага года па-цвердзілі права на гэты статус.
Зараз «млынаране»рыхтуюцца да свята-конкурсу «Песні сунічных бароў». Плануюць парадаваць землякоў яшчэ адным зборнікам.
Збіраюцца члены «Млына» ў гарадской бібліятэцы некалькі разоў у месяц. Наталля Аляксееўна, нягледзячы на занятасць (яна узначальвае Новалукомльскі Палац культуры), даволі часта праводзіць сустрэчы. Адзначае, што гэта дапамагае ёй ствараць. Такія мерапрыемствы натхняюць і ўсіх членаў аб’яднання.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *