Рэгістрацыя шлюбу – па жаданні

Вяселле – адна з самых важных падзей у жыцці кожнага чалавека. Любая пара марыць, каб гэты дзень быў незабыўны. Стандартная рэгістрацыя шлюбу ўжо многіх маладых людзей не здзіўляе. Таму ў Чашніцкім раёне ўрачыстая рэгістрацыя шлюбу мае разнастайныя варыяцыі. Да кожнага  такога вяселля ў аддзеле  загса рыхтуюцца вельмі сур’ёзна, прыцягваючы творчыя таленты Дома культуры райцэнтра. Свята нараджэння кожнай новай сям’і становіцца арыгінальным.

Яўген і Антаніна Дробышавы правялі сваё вяселле з выкарыстаннем элементаў народнай культуры, чым засталіся задаволены.

У якасці пляцоўкі для ўрачыстай рэгістрацыі супрацоўнікі загса выбіраюць гарадскі Дом культуры. Сёння ў маладых ёсць магчымасць выбару сцэнарыя на рускай або беларускай мове, з выкарыстаннем нацыянальных абрадаў, а таксама з выездам да месца правядзення ўрачыстасці. У горадзе некалькі год назад з’явілася алея закаханых, якую таксама можна выкарыстоўваць для правядзення гэтага мерапрыемства. Калі раней рэгістрацыя шлюбу была абрадам з загадзя вызначанымі дзеяннямі, то сёння дзень вяселля – свята, якое кожная пара можа заказаць па сваім жаданні.
Цяпер пры прыёме заявы на заключэнне шлюбу з кожнай парай абмяркоўваюцца дэталі ўрачыстасці, выбару сцэнарыя на адной з дзяржаўных моў, а таксама як варыянт прапаноўваецца рэгістрацыя ў этнічным стылі. Ёсць варыянт, калі па жаданні нявесты пад вянок яе можа прыводзіць бацька. Дарэчы, супрацоўнікі загса адзначаюць запатрабаванасць шлюбнага вальса. Былі такія выпадкі, калі пары прасілі правесці для іх відовішчныя «пясочны» або «вінны» абрады.
Набірае папулярнасць рэгістрацыя вяселля з элементамі народнай культуры. Многія пары ўжо ацанілі навінку. І ўсё часцей просяць для сваёй ўрачыстасці выкарыстоўваць менавіта гэтую форму. У чым яе сутнасць? Трапіць у сапраўдную казку дапамагаюць маладым прадстаўнікі загса і ГДК. У фае Дома культуры пад музыку маладога з маладой, а таксама іх гасцей сустракаюць дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах. Перад маладымі рассцілаецца ручнік, на які становіцца пара. Па заканчэнні цырымоніі ўступаючым у шлюб ён і ўручаецца як першая сямейная рэліквія з пажаданнямі, каб на яго ў далейшым сталі іх нашчадкі ў час сваёй рэгістрацыі шлюбу. Мужу і жонцы прапаноўваецца запаліць агульную свечку як сімвал цеплыні і ўтульнасці іх дома, як заклад шчырасці адносін і чысціні прапануецца выпіць чашніцкай крынічнай вады. Затым маладых і гасцей чакае традыцыйны сёння вясельны напой – шампанскае. Выкарыстанне нацыянальных традыцый упрыгожвае вясельны абрад, тым самым прыцягвае маладых людзей незвычайнасцю правядзення.
Народныя традыцыі вяртаюць вяселлю яго першапачатковы сэнс. Гэта не проста прыгожае суправаджэнне афіцыйнага афармлення адносін, а абрад, які настройвае на доўгае і шчаслівае сямейнае жыццё. Рабілася гэта заўсёды з душой, падзея ператваралася ў светлае сямейна-радавое свята.

Дарэчы, у аддзеле загса Чашніцкага райвыканкама  ў чэрвені зарэгістравана больш шлюбаў – 27 (у мінулым годзе 24), 11 з выкарыстаннем элементаў народнай культуры. Жаданне правесці вяселле на беларускай мове выказалі 3 пары маладых.

Марына МІШУЛКОВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *