Шукалi папараць-кветку

Народнае гулянне адбылося ў райцэнтры ў ноч з 6 на 7 ліпеня. Месца правядзення традыцыйнае – зона адпачынку на беразе ракі Улы. Адсвяткавалі чашнічане і госці горада Купалле песнямі ды хараводамі. Арганізатары зрабілі ўсё магчымае, каб павесяліць народ. І атрымалася ў іх гэта здорава. І чароўную папараць–кветку шукалі ў час свята, і каларытных персанажаў пабачылі.
Як належыць, не абышлося без вогнішча. Запаліла яно ў сэрцах людзей агонь духоўнасці, што за-кладзена ў старажытных звычаях, легендах, казках і гульнях, жартах.


Свята прайшло змястоўна, цікава, па ўсіх канонах. Прыгожыя дзяўчаты ў нацыянальным адзенні плялі вяночкі. Гэта адзін з галоўных сімвалаў Купалля. Вянок сімвалізуе сонца, багацце, здароўе. Прыгажосць услаўляе і ад нячыстай сілы абараняе.
Бурнымі апладысментамі публіка сустрэла галоўных герояў свята – Купалу і Купалінку. Прыплылі яны на лодачцы па рацэ, сышлі на бераг і асыпалі гледачоў кветкамі. Потым са сцэны павіншавалі прысутных са святам, пажадалі ўсяго найлепшага. І прапанавалі спаліць у вогнішчы купальскім усё дрэннае, старое, што больш не патрэбна ў жыцці. Як кажуць у наро-дзе, спалім хваробы і напасці, хай гэты год нясе ўсім людзям шчасце!
Вядома ж, не абышлося без яшчэ аднаго старажытнага абраду. Маладых дзяўчат запрасілі да рачной ва-дзіцы, дзе вянок з вянком з’яднаецца. І паплылі вяночкі цёмнай ночкай…
А святочную праграму дапоўнілі эстрадны канцэрт і дыскатэка. І кожнаму ўдзельніку было весела. Цудоўная купальская ноч бывае толькі раз у год. І правесці яе трэба так, каб запомнілася надоўга.

Юрый АЛЕКСАНДРОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *