Тэматычная выстава запрашае

У Чашніцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы, якая размешчана на трэцім паверсе будынка пошты, з 17 ліпеня пачала дзейнічаць выстава «Ганаруся табой, мой край». Яна прымеркавана да 95-годдзя ўтварэння раёна і Года малой радзімы.


Важнае месца на выставе адведзена выданням знакамітых беларускіх пісьменнікаў, якія нарадзіліся на чашніцкай зямлі – Янкі Журбы, Генадзя Пашкова, Алеся Шашкова, Васіля Гарбука і іншых. Увазе наведвальнікаў прадстаўлены гісторыка-краязнаўчы курс «Наша Чашніччына» і гісторыка-краязнаўчы нарыс «Іванск і ваколіцы» Віктара Грыбко. Экспазіцыя багата на аўтарскія кнігі народнага аматарскага аб’яднання паэтаў Новалукомля «Млын». Гэта выданні Н. Васілевіч, А. Кляшчонак, А. Губаравай, Г. Шнітко.
Трэба адзначыць прысутнасць на выставе самаробнай кнігі «Чашніччына – край таямніц», якая сабрала ў сабе легенды і паданні чашніцкай зямлі. Каларытна выглядае «Вішнёвае дрэва» з выказваннямі аб радзіме знакамітых беларускіх пісьменнікаў.
Выстава будзе дзейнічаць аж да верасня, таму кожны, каго яна зацікавіла, паспее заглянуць у Чашніцкую цэнтральную раённую бібліятэку.

Марына МІШУЛКОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *