Нацыянальная кухня са «Смакам»

Работнікі Празямлянскага сельскага клуба і ўдзельнікі народнага клуба аматараў беларускай нацыянальнай кухні «Смак» сцвярджаюць, што галодны чалавек ні на што не годны. Ні адзін госць ад іх ніколі не паехаў без пачастункаў. Яны заўсёды ўмелі смачна гатаваць і шчодра частаваць. Так адбылося і падчас мерапрыемства, што ладзілася ў канцы лістапада. Срэбраны юбілей адзначылі смакаўцы ў бягучым годзе. Таму на свята каллектыў выйшаў у беларускім адзенні з духмяным караваем, прыгатаваным удзельнікамі клуба.
Упершыню аматары клуба заявілі пра сябе ў 1994 годзе. Яго заснавальнікі — Наталля Шамбурава, Вольга Кастрыцкая, Валянціна Казлова, Галіна Шаўчэнка, Людміла Баразна, Ларыса Белянчук, Ніна Парцянка. На іх ліку больш за 80 экспедыцый па раёне. Сабраны матэрыял дазволіў пашырыць звесткі аб традыцыях народнага застолля да свят народнага каляндара, скласці і выдаць зборнікі рэцэптаў.

Каллектыў народнага клуба аматараў беларускай нацыянальнай кухні «Смак».

Клуб «Смак» — удзельнік абласных, рэспубліканскіх і міжнародных аглядаў, конкурсаў, фестываляў і іншых мерапрыемстваў. Адусюль вярталіся з узнагародамі.
Беларускую нацыянальную кухню прапагандуюць і на Чашніччыне. Удзельнічаюць ва ўсіх значных святах, што праходзяць ў райцэнтры. Без іх не абыходзяцца «Масленіца», «Дажынкі», свята горада і многія іншыя. Прыгожыя жанчыны, прыбраныя ў беларускае адзенне, не адпусцяць вас не павесяліўшы і не пачаставаўшы прысмакамі.

А падчас мерапрыемства, прымеркаванага да юбілею, яны прымалі віншаванні, пажаданні гучалі ў іх адрас. І першай добрыя словы казала дырэктар Чашніцкага цэнтра культуры і народнай творчасці А. С. Шасцітка.
— Мы сведкі знамянальнай падзеі — юбілею. Каллектыў «Смака» заўсёды быў і застаецца запатрабаваным на мерапрыемствах не толькі раённага, але і абласнога ўзроўняў, — падкрэсліла Ала Сяргееўна. — У скарбонцы смакаўцаў шмат узнагарод, што сведчыць аб прафесіяналізме і таленце. А слава пра стравы, прыгатаваныя чашніцкімі майстрамі, разышлася па ўсёй Беларусі. Усе, каго ім даводзілася пачаставаць на чашніцкай зямлі, з задавальненнем успамінаюць пра іх.
Кіраўніку клуба В. В. Каваленка, яна ж кіраўнік і Празямлянскага СК, дырэктар уручыла Па-дзячны ліст цэнтра і падарунак.
Падзякавалі за працу і пажадалі плёну, поспехаў і натхнення старшыня Празямлянскага сельскага выканаўчага камітэта М. І. Ярох, намеснік дырэктара ААТ «Проземле-Агра» В. І. Малючэнка.
Музычныя падарункі для юбіляраў падрыхтавалі калектывы «Крэатыў» і «Ветэран», салісты гарадскога Дома культуры райцэнтра.

Каллектыў народнага клуба аматараў беларускай нацыянальнай кухні «Смак» ведае тонкасці прыгатавання нацыянальных страў, а таксама сакрэты падачы іх на стол.       

 


Юбіляры прымалі віншаванні і не забыліся падзякаваць усім, хто завітаў на свята. Ніхто ў гэты дзень не застаўся без падарункаў. Для іх былі арганізаваны бяспройгрышная латарэя, віктарына.
Каллектыў народнага клуба аматараў беларускай нацыянальнай кухні «Смак», як і ўсе беларусы, умеюць прымаць гасцей. Не абышлося святкаванне юбілею без смачных страў, прыгатаваных майстрамі. Добразычлівыя жанчыны ў беларускім адзенні не адпусцілі нікога, не пачаставаўшы клёцкамі «з душамі», каўбасамі, блінамі з рознымі начынкамі, бульбай са смажаным салам, грыбочкамі марынаванымі, піражкамі і многім іншым.

Дарэчы:
З лістапада 2002 года клубу аматараў беларускай нацыянальнай кухні «Смак» было нададзена званне «народны». Адраджэнне і прапаганда традыцыйнай беларускай народнай кухні, практычнае знаёмства з тэхналогіяй іх прыгатавання — асноўныя напрамкі яго дзейнасці. Першым кіраўніком была Наталля Пятроўна Шамбурава, зараз яе эстафету падхапіла Вольга Васільеўна Каваленка.

Наталля СТУКАЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *