У Іванску адбыўся спектакль

У рамках акцыі «Нашы дзеці» ў Іванскім Доме фальклору адбыўся спектакль пад назвай «Непрыняты цар». Пастаноўку ажыццявілі самадзейныя артысты з Віцебска. Арганізатарам культурнага мерапрыемства выступіла Евангельская царква. Асабіста шмат зрабіў дзеля таго, каб парадаваць публіку, пастыр з Новалукомля Аляксандр Зарэцкі.

Самадзейныя артысты з Віцебска ў Іванскім Доме фальклору.

Артысты прыехалі ў вёску загадзя. Патрабавалася шмат часу, каб устанавіць дэкарацыі, выканаць іншыя падрыхтоўчыя работы. І ўсё было недарэмна. Бо спектакль не пакінуў раўнадушнымі ні дзяцей, ні дарослых, якіх сабралася ў зале болей сотні. Усе былі ў захапленні ад цудоўнай ігры артыстаў. І, вядома ж, публіка была ўражана глыбокім сэнсам убачанага на сцэне. «Непрыняты цар» — гэта пастаноўка па біблейскіх матывах. Галоўная ідэя — любоў і дабрата выратуюць свет. Кожнаму гледачу было над чым задумацца.
Пасля спектакля іванскія гледачы доўга апладзіравалі артыстам. А госці падрыхтавалі яшчэ адзін падарунак. Дзеці ў далёкай Ісландыі збіралі калядныя падарункі для маленькіх беларусаў. І перадалі іх праз прадстаўнікоў Евангельскай царквы. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якіх багата было ў зале Дома фальклору, атрымалі гэтыя падарункі. І былі вельмі ўдзячныя.
Дзеці ў розных краінах хоць і размаўляюць на розных мовах, аднак усе жадаюць жыць у любові і згодзе, сябраваць. І таму добра разумеюць адзін аднаго. Хай так будзе заўжды!

Юрый АЛЕКСАНДРОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *