Жаночы твар вайны

На перадавой у гады Вялікай Айчыннай вайны ў асноўным змагаліся мужчыны, але мноства подзвігаў здзейснілі і прадстаўніцы слабага полу. Былі такія жанчыны, якія служылі ў рэгулярнай арміі. А хто працаваў у тыле, ратаваў параненых у шпіталях, выносіў з поля бою, удзельнічаў у партызанскім руху.
У кнізе «Іх імёны авеяны славай» занатавана некалькі ваенных гісторый з жыцця жанчын. Сёння чытачам паведамім пра некаторых з іх.

Зінаіда Міхайлаўна Лугаўцова

Зінаіда Міхайлаўна Лугаўцова (Казакова) з пачатку Вялікай Айчыннай вайны знаходзілася ў партызанскім атрадзе брыгады Лявонава, дзе была камсамольская арганізацыя. Яе ўзначальваў М. Сабалеўскі, які прымаў у камсамол маладых партызан. Моладзь ставілі ў строй, затым яна вывучала Статут камсамола. Асноўныя пытанні задаваў сам камандзір брыгады Лявонаў. Пасля чаго разглядалі справу кожнага будучага камсамольца паасобку. Партызаны-камсамольцы давалі прысягу, абяцалі змагацца да апошняй кроплі крыві за незалежнасць Радзімы. З. М. Казакова разам з маладымі партызанамі змагалася з ворагам. Барацьбітоў з фашысцкім парадкам пасылалі ў разведку і даручалі выконваць розныя адказныя заданні. Двойчы, на свята 8 Сакавіка і 7 кастрычніка, сам Лявонаў выказваў асабістую падзяку ёй перад атрадам. Летам 1943 года, калі партызаны знаходзіліся ў Ліпавічах, ворагі блізка падышлі да вёскі. Але былі сустрэты агнём партызан. Шмат немцаў было забіта. Ворагу прыйшлося вяртацца назад, у Сянно. Пасля чаго была арганізавана падпольная разведка, якую ўзначаліла тая самая партызанка Зінаіда Казакова. Яна сагітавала цэлы ўзвод народнікаў, каб яны перайшлі на бок партызан. Пад яе камандаваннем тыя «выконвалі» далёкую разведку, рызыкуючы сваім жыццём, здабывалі каштоўную інфармацыю. Дзе размяшчаюцца нямецкія гарнізоны? Дзе варожая зброя і якая? За выкананне пастаўленых задач, мужнасць і гераізм Зінаіда Міхайлаўна была ўзнагароджана медалямі «Партызану Айчыннай вайны I ступені», «За адвагу», «За баявыя заслугі».


Для жанчын вайна была вельмі цяжкім выпрабаваннем. У гэтай кнізе чытаем:

Анастасія Аляксандраўна Максімавіч

«Анастасія Аляксандраўна Максімавіч удзельнічала ў партызанскім руху, а затым ваявала на I Беларускім і III Украінскім франтах. Сярод яе ўзнагарод медалі «За абарону Масквы», «За Перамогу над Германіяй» і іншыя». 


Марыя Еўдакімаўна Кудраўцава

 

Марыя Еўдакімаўна Кудраўцава з пачатку вайны і да вызвалення нашай тэрыторыі была сувязной у партызан. За што была ўзнагароджана медалём «За адвагу».


 

Еўдакія Іванаўна Галуза

Удзельнічала ў партызанскім руху і Еўдакія Іванаўна Галуза. Узнагароджана медалямі «За баявыя заслугі», «25 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», «60 гадоў Узброеных Сіл СССР».

Тамара Фёдараўна Дземянцей


Тамара Фёдараўна Дземянцей з 1942 па 1944 знаходзілася ў партызанскім атрадзе імя А. Неўскага. Узнагароджана медалямі «За Перамогу над Германіяй», «25 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне» і іншымі».
Кожная з іх ўнесла свой уклад у Вялікую Перамогу, аб гэтым сведчаць іх успаміны і заслужаныя ўзнагароды.

Марына МІШУЛКОВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *