Свята «Розгары» у Лукомлі

У аграгарадку Лукомль ладзілі адзін з цікавых і каларытных абрадаў, які называецца «Розгары» і праводзіцца на восьмы дзень пасля свята Тройцы. Удзельнікі фальклорнага калектыву «Вяскоўцы» Лукомльскага СДК і мясцовыя жыхары сустракалі ўсіх жадаючых далучыцца да народных традыцый гэтага славутага куточка Чашніччыны. Дарэчы, традыцыя правядзення абраду ў культуры аграгарадка захавалася і перадаецца ад мясцовых старажылаў, якія перанялі яго ад сваіх матуль і бабуль.


Абрад «Розгары» з’яўляецца свайго роду візітнай карткай аграгарадка Лукомль і мясцовага ДК. Праходзіць ён штогод, і мясцовыя жыхары заўсёды з задавальненнем прымаюць удзел у фальклорным мерапрыемстве. У мінулы панядзелак да лукамчан далучылася і загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук, дацэнт Таццяна Валодзіна і старэйшы навуковы супрацоўнік аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Таццяна Іванаўна Кухаронак.

Падзеі адбываліся пасля захаду сонца. Дзяўчаты і жанчыны сабраліся каля СДК, а потым дружна рушылі да бліжэйшага жытнёвага поля. Ідучы, яны збіралі кветкі, зёлкі, галінкі дрэў. Адна з жанчын на ўзмежку поля зажынала сноп з жытнёвых каласкоў, а астатнія спявалі песні і завівалі вянок з сабраных кветак, абавязкова ўплятаючы жытнёвыя каласкі, нажатыя з поля. Вянок плялі такіх памераў, каб праз яго мог прайсці чалавек. Лічыцца, што вянок, сплецены на розгары, мае лекавыя ўласцівасці. Яго можна выкарыстоў-ваць для лячэння хатняй жывёлы (калі хварэе скаціна, забіралі з дрэва вянок, скармлівалі або заварвалі адвар і паілі ім скаціну).

Нашы продкі верылі, што ён валодае магічнымі ўласцівасцямі і для людзей. Таму, як толькі ён быў зроблены, усе з песняй вярнуліся ў вёску. Падышоўшы да першай хаты, удзельнікі абраду заспявалі яшчэ гучней, каб выклікаць з хаты гаспадароў. Калі яны выходзяць, то іх запрашаюць паваражыць на здароўе, багацце, дабрабыт — прайсці праз вянок 3 разы. Пасля гэтага жадаючыя маглі далучыцца да ўдзельнікаў абраду і пайсці на свята. Сустракаючы па дарозе моладзь, і ёй прапануюць паваражыць на каханне, лёс. Такім чынам удзельнікі праходзяць усю вёску.

Апусцілася ноч, але яны ішлі на могілкі, каб павесіць вянок на самае высокае дрэва, тым самым адкупіцца ад гневу русалак. Як толькі вянок быў павешаны на дрэва, пачыналі выскокваць нячысцікі, каб прагнаць людзей з могілак. Затым ўсе ўдзельнікі ішлі ў вёску, дзе працягвалася свята з дэгустацыяй страў нацыянальнай кухні і песнямі.


Абрад вельмі цікавы і сапраўды з’яўляецца мясцовай культурнай каштоўнасцю. Вядомы ён з ХVIII стагоддзя (са слоў старажылаў, перадаваўся ад пакалення да пакалення). Быў запісаны работнікамі метадычнага цэнтра і былым дырэктарам Лукомльскага сельскага Дома культуры Тамарай Барысаўнай Садоўскай у 1990 годзе са слоў жыхароў вёскі Ротна Лукомльскага сельскага савета Наталлі Андрэеўны Дубіцкай (1914 года нараджэння) і Лідзіі Фёдараўны Старавойтавай (1932 года нараджэння).
Яшчэ адной цікавай асаблівасцю з’яўляецца тое, што ў сістэме нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Жывая спадчына Беларусі» ёсць падобны абрад, які называецца «Провады русалкі», характэрны ён для вёскі Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Ён звязаны з заканчэннем святкавання русальнага тыдня на восьмым тыдні пасля Вялікадня. Абрад праводзіцца штогод у нядзелю пасля Тройцы. («Розгары» праводзяцца на восьмы дзень пасля Тройцы.)
Абрад «Розгары» дзякуючы фальклорнаму калектыву «Вяскоўцы» Лукомльскага СДК перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Наталля СТУКАЛАВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *