Апосталка надзеі ў Новалукомлі

Дзевятнаццаць гадоў таму ў горадзе энергетыкаў пачалося будаўніцтва касцёла. Ужо праз тры гады на вежах храма былі ўсталяваны крыжы. Гэта  месца ў   архітэктурным  плане  праз некалькі дзесяцігоддзяў  можа ўвогуле прэтэндаваць на званне  культавага.  Ды і зараз парафія Святой Марыі Магдалены нібы аазіс сярод царства бетону і асфальту.  Касцёл прапісаўся па вуліцы Камунальнай,  якраз на павароце з цэнтральнай вуліцы Энергетыкаў  да  прамысловай  зоны. За апошнія гады тэрыторыя вакол і за варотамі Божага дома значна змянілася.  Відавочна, што добраўпарадкаваннем  ксёндз і мясцовыя прыхаджане  займаюцца актыўна, а галоўнае – укладаюць у гэтую справу душу.

Побач з каплічкай – вобраз Святога Максіміліяна, апекуна энергетыкаў.

Мікалай Ліпскі нясе душпастырскую паслугу ў парафіі з 2017 года. Быў накіраваны ў Чашніцкі раён з Пастаўшчыны. З яго прыходам, як зазначаюць многія гараджане, месца, дзе раней знаходзілася закінутая кацельня, стала адным з самых прыгожых у Новалукомлі.
Настаяцель Мікалай расказвае, што сярод жыхароў горада энергетыкаў не так многа каталікоў. Прыход пастаянна наведваюць 40-50 чалавек. Сярод іх людзі розных узростаў. Дзве мнагадзетныя сям’і. Увогуле зала для літургіі можа змясціць да 200 чалавек.
Унутранае і знешняе ўбранне касцёла адметнае прастатой у сімбіёзе з урачыстасцю. Нягледзячы на невялікую колькасць прыхаджан, у храме яны, як і ў сваіх дамах, у думках і ўчынках імкнуцца навесці адпаведны парадак. Галоўная зала заўжды прыбрана, упрыгожана свежымі кветкамі. Увогуле прыход мае два паверхі. Акрамя жылых памяшканняў, ёсць і пакой для нядзельнай школы.

Падчас адпустовай урачыстасці з нагоды свята касцёла Святой Марыі Магдалены.

Пробашч плануе ў будучым аднавіць ікону Святой Марыі Магдалены, пад тытулам якой у 1998 годзе парафія ў Новалукомлі была афіцыйна зарэгістравана. Але на гэта патрэбны немалыя сродкі. Дарэчы, кожны год 22 ліпеня ў дзень святой касцёл у Новалукомлі адзначае вялікае свята. Праходзіць фэст, на які ў госці прыязджаюць вядомыя беларускія артысты.
– Кожны з нас мае дзень нараджэння, кожная парафія – свае тытулы, свайго заступніка. У нашым выпадку заступніцай з’яўляецца Марыя Магдалена . Яна лічыцца таксама апякункай жанчын і цырульнікаў. У час фэсту можна не толькі памаліцца у гонар святой, ачысціць душу, узбагаціцца духоўна, але і культурна адпачыць, – тлумачыць ксёндз Мікалай.

Ён паказвае сцэну, якую летась пабудавалі ў двары храма. Прычым склалі яе з рэшткаў бетонных пліт, што засталіся ад былога будынка. Трэба адзначыць, што з іх зрабілі скрыжалі Завету.
– Хачу падзякаваць кіраўніцтву Лукомльскай ДРЭС за тое, што вы-дзелілі тэхніку і дапамаглі вывезці будаўнічае смецце, бо на пляцоўцы, якую мы пачалі добраўпарадкоўваць, знаходзіліся шматтонныя пліты, ад якіх некалькі год сваімі сіламі мы не маглі пазбавіцца, – рэзюмуе святар.
З нагоды святкавання 55-годдзя Новалукомля побач з каплічкай каталікі ўстанавілі вобраз Святога Максіміліяна, апекуна энергетыкаў, ксёндза-францысканца, загінуўшага ў Асвенцыме, пайшоўшага на смерць за незнаёмага яму вязня.

У ліпені гэтага года ў сувязі з пандэміяй каранавіруса свята касцёла прайшло сціпла: у рамках парафіяльнага фэсту адбыліся толькі адпустовыя ўрачыстасці. Усе займальныя мерапрыемствы вырашылі адкласці на будучы год. Прыхаджане спадзяюцца, што абавязкова прымуць гасцей, а на самаробнай сцэне ўпершыню будуць ладзіцца канцэрты.

Мікалай Ліпскі тры гады нясе душпастырскую паслугу ў парафіі г. Новолукомля.

Вакол касцёла – бясконцае мора кветак, выбрукаваныя камнем дарожкі, альпійскія горкі, дагледжаныя газоны. Дарэчы, апошнюю зялёную пляцоўку засеялі зусім нядаўна.
Настаяцель расказвае, што працуе ў садзе не толькі ён з мясцовымі вернікамі. Прыязджаюць, каб дапамагчы, да Мікалая яго бацькі. Многае зроблена рукамі Ліпскага-старэйшага.
У перспектыве, як дадаў пробашч, плануе набыць электразваны, правесці ўцяпленне асноўнай залы і памяшканняў касцёла. Добраўпарадкаванне храма вядзеццца на сродкі каталіцкай абшчыны, за ахвяраванні прыхаджан. Таму вернікам у гэтай справе прыходзіцца разлічваць толькі на сябе.

 За некалькі гадоў Чашніцкая зямля стала Мікалаю Ліпскаму  блізкай. Ён марыць, што з цягам часу  і ў райцэнтры, і ў Новалукомлі касцёлы зоймуць свой пачэсны пасад, сцвердзяцца ў званні    духоўных, культурных і сацыяльных цэнтраў. І ў  храмах   будзе кіпець  жыццё, а парафіяне будуць яшчэ шырэй служыць грамадству на шляху добрых духоўных спраў. 

 

Варвара ЮРКЕВІЧ.

 

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *