Стала вядома, як Анатоль Храпскі трапіў на працу ў раённую газету

З успамінаў Анатолія Паўлавіча Храпскага, былога намесніка галоўнага рэдактара:

«Як я трапіў на працу ў раённую газету? Было гэта ў 1960 годзе. Я тады яшчэ заканчваў школу. Так склалася, што па ўзросту быў старэйшым за сваіх аднакласнікаў. З’яўляўся актывістам, вось аднойчы мяне і выбралі членам райкама камсамола. Паехаў на пленум у раён. Пасля мерапрыемства тагачасны першы сакратар райкама камсамола Уладзімір Васільевіч Падрэз папрасіў аформіць нейкія афіцыйныя паперы. Яму спадабалася, як я гэта зрабіў. Акуратна, без памылак, усё ідэйна вытрымана. Нечакана сакратар райкама камсамола спытаў, ці не жадаю я паспрабаваць сябе ў ролі журналіста. Адмовіцца было цяжка… Неўзабаве я ўжо пісаў заяву і ўладкоўваўся на працу. Пакуль уладжваў усялякія фармальнасці, у газеты змяніўся рэдактар. Атрымалася так, што браў мяне на працу адзін кіраўнік, а пачынаць шлях у журналістыцы прыйшлося ужо пры іншым рэдактары.

Звалі яго Аляксандр Сцяпанавіч Картузаў. Добра памятую, як напісаў першую сваю інфармацыю. У газету яна так і не пайшла, бо была далёкай ад дасканаласці. Калегі нават крыху жартавалі з мяне. Але і падбадзёрвалі адначасова. Маўляў, не хвалюйся, навучышся. Я ж папрасіўся на пасаду карэктара, каб паднабрацца вопыту. Праўда, доўга там не затрымаўся. Праз пяць месяцаў стаў фотакарэспандэнтам. Крыху паспеў папрацаваць і літработнікам, але неўзабаве, у 1961 годзе, Чашніцкі раён ліквідавалі. Расфарміравалі і газету. Супрацоўнікі раз’ехаліся, хто куды. Я ж трапіў у Віцебск. Стаў уласным карэспандэнтам міжраённай газеты «Ленінская праўда».
Праз колькі часу Чашніцкі раён зноў стаў самастойнай тэрытарыяльнай адзінкай, трэба было аднаўляць выпуск газеты. Я вярнуўся ў раёнку. Ішоў 1965 год.

Быў перыяд, калі вучыўся ў партшколе на стацыянары — на аддзяленні журналістыкі. А з пачатку сямідзесятых сувязей з раёнкай больш не парываў. Займаў розныя пасады. Быў адказным сакратаром, рэдактарам аддзела пісем і масавай работы, загадваў аддзелам грамадска-палітычнага жыцця, з’яўляўся намеснікам галоўнага рэдактара. Паспрабаваў і рэдактарскага хлеба, бо неаднаразова выконваў абавязкі кіраўніка рэдакцыі.

Раёнка выходзіла тры разы на тыдзень. Матэрыялаў трэба было пісаць шмат. Заўсёды адсочвалі геаграфію публікацый. Я вёў спецыяльную табліцу, дзе былі распісаны ўсе сельсаветы. З транспартам было туга. Асабліва напачатку. Помню, што ў рэдакцыі нават быў конь. На ім і ездзілі па раёне. А то і на перакладных, пешшу. Першы аўтамабіль з’явіўся ў рэдакцыі дзесьці ў другой палове 60-х. Што тычыцца тэм публікацый, то яны былі самымі рознымі. Асабліва я больш за ўсё любіў пісаць пра людзей працы.

Назаву тых, з кім у свой час давялося працаваць. Уладзімір Гойтан стаў загадчыкам аддзела ў «Звяздзе», мой сябар Уладзімір Раманоўскі доўгі час узначальваў калектыў абласной газеты «Віцебскі рабочы». Тая ж Галіна Ігнаценкава працавала рэдактарам ва Ушачах, у Оршы, Наваполацку. «Чырвоны прамень» шмат каму выдаў пуцёўку ў жыццё».
І Алёна Бегунова працавала рэдактарам абласной газеты «Віцебскі рабочы».
Зараз — карэспандэнтам у рэспубліканскіх СМI.

Запісаў Юрый АЛЕКСАНДРОВІЧ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *